Нядопуск назіральнікаў на ўчасткі: пачалося датэрміновае галасаванне


Такі пачатак датэрміновага галасавання прадказвалі многія: незалежных назіральнікаў не пускаюць на ўчасткі. А на нашае пытанне «чаму», старшыня выбарчай камісіі № 88 Ірына Чарнова адказаць адмовілася.

– Пакіньце, калі ласка, памяшканне. – А чаму? – Таварыш міліцыянер, калі ласка, правядзіце.

Старшыня 86 камісіі Мікалай Паркалаў ад журналістаў таксама адвярнуўся. Увогуле на ўсе тры ўчасткі 27 гімназіі незалежных назіральнікаў не пусцілі.

«Мы скаргі падамо, вядома, на гэта. Водгуку, я думаю, усё роўна чакаць нам не давядзецца», – разважае Аляксандр Бялян, назіральнік на ўчастках № 87, 88.

Некаторым пашчасціла назіраць за галасаваннем у калідоры. Гэтак было на 45 і 46 участках у Менску. А пасля перапынку назіральнікаў у будынак наагул не пусцілі. Паводле пастановы 115, падчас датэрміновага галасавання на выбарчым участку можа быць не больш за трое назіральнікаў, бо ЦВК хвалюецца за эпідэмічную абстаноўку.

«Гэта не закон. Закон павінен парламент прымаць. Гэта адсябяціна ЦВК», – абураецца назіральніца ад АГП Святлана Вяргейчык.

Падобнае адбывалася і ў рэгіёнах. Гэтак у Гомлі не дазволілі назіраць Уладзіміру Няпомняшчых. На 16 ўчастак з 15 акрэдытаваных назіральнікаў пусцілі траіх.

«Каб штосьці зафіксаваць, хоць яўку, іншага нічога не магу зафіксаваць, я вымушаны сядзець на ступеньках, на прыступках», – распавядае кандыдат пратэсту ад «Народнай Грамады» Уладзімір Няпомняшчых.

А фіксаваць трэба. Падчас датэрміновага галасавання фальсіфікаваць лягчэй, чымся ў асноўны дзень.

«Там няма перапынкаў, працэс неперапынны. Цяжка альбо ўкінуць дадатковыя бюлетэні, альбо замяніць змесціва скрыні для галасавання, таму ўсе гэтыя маніпуляцыі адбываюцца падчас датэрміновага галасавання», – кажа юрыст кампаніі «Права Выбару» Віктар Янчурэвіч.

Паводле Цэнтрвыбаркаму, падчас мінулага волевыяўлення больш як траціна выбарнікаў не сталі чакаць асноўнага дня галасавання. Магчыма, некаторых натхняе не толькі грамадзянскі абавязак. Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то выбары – з буфету. Дый не толькі. Сёння людзей на выбарчыя ўчасткі спрабавалі прывабіць выязным гандлем. Ці гэта сапраўды матывавала прыйсці і прагаласаваць? Адказвае сталічны электарат.

«Ды не, пра што вы! Гэта проста для мяне як кірмаш нейкі. Да выбараў увогуле не бачу, якое гэта мае дачыненне».

«Усё няхай будзе разам: і кірмаш, і выбары, і танцы хай будуць, і песні. Гэта нашае свята, дзень нашай незалежнасці».

«Я жыву на лецішчы, прыехаў сёння ў Менск. Ну заадно і прагаласаваў, каб 9-га тады не, бо 100 кіламетраў – далекавата».

Тым часам, пакуль адныя датэрмінова галасуюць, іншым датэрмінова пачалі прыходзіць пенсіі. Не пасля 10, а з 3 жніўня. Наперадзе яшчэ 4 дні датэрміновага галасавання.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»