Нябачная вайна ў амазонскіх лясах. Плямёны Амазоніі супраць прэзідэнта Бразіліі


Гэтымі днямі на берагах Амазонкі адбываецца сход карэнных народаў, плямёнаў, што жывуць у Амазонскай пушчы і вымушаныя змагацца з навалай незаконнай прамысловасці і дзяржаўным ціскам.

Лідары паўсотні амазонскіх плямёнаў сабраліся ў Нацыянальным парку карэнных народаў «Шыгу», каб аб‘яднацца супраць прэзідэнта Бразіліі.

«Цяперашні ўрад атакуе нас, хоча забраць у нас зямлю. Мы супраць здабычы выкапняў, выразання лесу і браканьерства на нашай зямлі, супраць гідраэлектрастанцыяў, супраць усяго, што знішчае наш лес», – зачытала зварот супольнасцяў прэс-сакратар Сходу карэнных народаў О-э Каяха.

Да карэнных амазонцаў далучыліся і жыхары вёсак, якія жывуць са збору каўчуку і дароў лесу.

«Мы перажываем вельмі змрочны перыяд нашай гісторыі, больш падобны да ваеннага сцэнару.

Крыміналізацыя нашых лідараў, забойствы карэнных народаў, рост гвалту з прычыны зямельных канфліктаў, незаконнае высяканне лесу, незаконная здабыча выкапняў», – распавядае каардынатарка Бразільскай асацыяцыі карэнных народаў Соня Гўажажара. Толькі ў яе родным штаце Мараннян за апошнія 6 тыдняў забілі 4-х карэнных жыхароў. Цяпер амазонцы спадзяюцца на абарону Нацыянальнага кангрэсу.

«Мы сустрэліся тут для мабілізацыі. Мы ствараем супольны дакумент, які возьмем у Кангрэс, і я хачу спытаць Жаіра Баўсанару, чаму ён гэтак кепска кажа пра індзейцаў», – заявіў на сваёй роднай мове Раўні Мэтуктырэ, лідар племені Каяпа.

Жаір Баўсанару разгарнуў план, які аслабляе грамадскія інстытуты абароны Амазоніі. Прэзідэнт Бразіліі заявіў, што карэнныя плямёны маюць зашмат зямлі ды трэба адкрыць прыродныя рэзервацыі для здабычы выкапняў і для сельскай гаспадаркі.

«Няпраўда, што Амазонка – гэта спадчына ўсяго чалавецтва, і нашыя навукоўцы пацвердзілі, што няпраўдай будзе называць амазонскія лясы лёгкімі Зямлі. Кіруючыся гэтым зманам, некаторыя краіны замест дапамогі ўсталі на шлях хлусні ў медыях, без павагі да нас, у духу каланіялізму», – так 24-га верасня 2019 г. Жаір Баўсанару адказаў на міжнародную крытыку з трыбуны Генасамблеі ААН.

Пасля прыходу да ўлады на хвалі правага папулізму год таму Баўсанару аслабіў заканадаўства аховы навакольнага асяродку. Як падлічыў бразільскі Нацыянальны інстытут касмічных даследаванняў, за гэты год высяканне і выпальванне амазонскіх лясоў павялічылася ўдвая.

«Людзі з усяго свету, дапамажыце карэнным народам Бразіліі абараніць прыроду. Не толькі для нас, але для ўсяго свету», – просіць Бека Мундуруку, актывістка карэнных народаў Бразіліі, якую ўжо называюць «амазонскай Грэтай Тунбэрг».

Адная з мэтаў сходу плямёнаў – аб’яднаць мясцовыя супольнасці ды спыніць супрацьстаянне з фермерамі і браканьерамі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»