НСК: Беларусы пʼюць усё менш алкаголю. Нарколаг: Сапраўднай карціны алкагалізму ў Беларусі няма


Беларусы пʼюць усё менш алкаголю – цвердзіць нацыянальны статыстычны камітэт. Ёсць поспехі і ў змаганні з алкагалізмам – запэўніваюць у міністэрстве аховы здароўя. Але наколькі статыстыка адпавядае рэальнаму жыццю?

Як палічыць, колькі пʼе цэлы народ? У статыстычны кактэйль змешваюць розныя напоі, абʼёмы і градусы. Паказнік на выхадзе: спажыванне ўмоўнага спірту на чалавека за год. Паводле Белстату, у 2015-м годзе сярэдні беларус выпіваў больш за 9 літраў спірту, а летась – 8,8 спірталітраў на чалавека. А найлепш параўноўваць з 2010-м годам, тады, паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, сярэдні беларус выпіваў больш за 17 літраў за год, што амаль удвая больш, чым летась. Дык што, час падняць радасны тост за здаровы лад жыцця?

Жыхары і госці Менску:

«Сталі піць меней? Не, не думаю. Думаю, гэтаксама. У мяне ля падʼезду гэтаксама кучкуюцца».

«У двары пʼяныя стаяць з 8 раніцы пад дзвярыма крамы».

«Выходзяць з завода – ўсе скідваюцца, кучкуюцца і пайшлі па 3-4-5 чалавек».

«Калі глядзець, як карпаратывы праводзяцца, то заўважу, што сталі піць менш».

Сапраўднай карціны алкагалізму ў Беларусі няма, мяркуе нарколаг Уладзімір Іваноў. Бо навукова гэтым ніхто не займаецца.

«У дадзеным выпадку, мяркую, ёсць пэўная маніпуляцыя лічбамі, методыкамі падліку, методыкамі ацэнкі, бо насамрэч у нашай краіне не існуе навукова абгрунтаванай методыкі даследвання распаўсюджанасці алкагольных праблемаў», – кажа загадчык 21-га аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя Уладзімір Іваноў.

Пры гэтым гарэлка і гэтак званыя вінныя напоі ў Беларусі таннейшыя, чым у заходніх суседзяў.

«Агульная ўстаноўка нашага ўраду такая, што трэба як мага больш вытвараць і прадаваць алкаголю. Яны яўна не вітаюць скарачэнне абʼёмаў продажу, бо гэта жывыя грошы для бюджэту, якія тэрмінова атрымліваюцца», – дадае Уладзімір Іваноў.

А яшчэ ёсць і нелегальны алкаголь: самагон, разведзены спірт, сурагаты, псеўдалекі, падобныя да сумнавядомых настоек «Глогу». Танна, моцна бʼе па здароўі ды ў статыстыку не ўваходзіць.

«Калі мы знаходзіліся ў ІВС гораду Маладзечна, як палітвязні, на гэтых 15 сутках, да нас раз-пораз у Маладзечна падкідвалі людзей, вылаўленых у нецвярозым стане ў гэтым горадзе. Яны распавядалі, колькі кропак самаробнага алкаголю ў такіх малых гарадах. І на іх думку, усе яны «крышуюцца» міліцыяй», – кажа палітык Віталь Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі мяркуе, што недзяржаўныя арганізацыі змаглі б значна дапамагчы грамадству ў лячэнні і рэабілітацыі людзей з алкагольнай залежнасцю. Варта зрабіць, як на Захадзе: даць права льготна ці бясплатна карыстацца грамадскімі памяшканнямі. Пакуль што маем іншы дзяржаўны падыход: каб алкаголікаў было менш відаць на вуліцах, іх накіроўваюць у так званыя ЛПП, лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Праўда, там не лечаць, а толькі ізалююць і прымушаюць працаваць.

Яраслаў Сцешык belsat.eu