Новыя затрыманні сябраў Каардынацыйнай рады


Ператрусы ўдома ў палітыкаў і ў штабе Бабарыкі. Апошняе месца сталася офісам і для прэзідыуму Каардынацыйнай рады. З яго першапачатковага складу з сямі асобаў на гэты момант у Беларусі ды на волі застаецца толькі нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Але і да яе сёння прыйшлі госці.

«Зранку сёння бясконца званілі мне ў дзверы. Вы ведаеце, іх не відаць было, самае дзіўнае. Таму што калі хтосьці заходзіць, я бачу тут, прафесійныя званкі былі».

Падтрымаць знакамітую пісьменніцу прыйшлі дыпламаты, пісьменнікі ды шараговыя менчукі.

«Яны думаюць, што гэта дэманстрацыя сілы, калі яны затрымліваюць, збіваюць. На маю думку, гэта дэманстрацыя слабасці», – кажа пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Жыхары Менску:

«Яны спрабуюць выціснуць людзей з краіны, мы нікуды не збіраемся зʼязджаць. Не разумею, чаго яны хочуць».

«У добрай стабільнай краіне такога не павінна быць, таму я не ведаю, як гэта цяпер усё будзе».

Камітэт дзяржаўнага кантролю прыйшоў правяраць фонд «Краіна замкаў». Арганізацыя займаецца культурніцкай дзейнасцю, у тым ліку ладзіць экскурсіі. А вось яе дырэктар дапамагаў прэсавай службе Каардынацыйнае рады.

«Мяне здзіўляе тое, што вось каронавірус забіў наш турызм амаль што да апошняга часу, мы толькі апошні месяц паціху аджывалі, і тут – праверка. Адназначна ёсць палітычная падаплёка», – кажа Аляксандр Варыкіш, дырэктар фонду «Краіны замкаў».

Таксама сёння затрымалі адвакатаў Іллю Салея і Максіма Знака. Як і Марыю Калеснікаву, яны падазраюцца ў спробе захопы ўлады. Дзе Калеснікава, якую выкралі невядомыя ўчора раніцаю, выявілася толькі сёння – яна ў следчым ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску.

«Статус у яе – падазраваная, адчувае яна сябе адносна някепска. Адносна някепска, бо патрапала яе, вядома, апошнімі днямі», – кажа адвакатка Марыі Людміла Казак.

Зранку сёння дадому да Марыі прыйшлі невядомыя. У доме яны прабылі не менш за паўтары гадзіны.

«Стаялі ў масках амбалы, штосьці аддзіралі – магчыма, аддзіралі, бо спрабавалі адамкнуць дзверы. Грукалі-грукалі, я паглядзеў. Запытваю: «У чым справа?» – «Вас гэта не датычыць». Ну, я і зачыніў дзверы і сышоў», – кажа сусед Марыі Аркадзь Шкуран.

У асноўным складзе Каардынацыйнае рады – 70 асобаў, у пашыраным – больш за 4000. Як цяпер рада будзе функцыянаваць, калі на волі ў Беларусі толькі адзін сябра прэзідыуму?

«Пры немагчымасці сабраць кворум прэзідыуму пастанова прымаецца большасцю галасоў праз электроннае галасаванне асноўным складам рады. Таксама ёсць механіка пашырэння асноўнага складу з пашыранага складу. Таму я бачу так: пастанова будзе прымацца асноўным складам шляхам простай большасці галасоў», – кажа выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў.

Другі дзень запар на сталічныя вуліцы выйшлі некалькі соцень асобаў, каб падтрымаць затрыманых напярэдадні сябраў Каардынацыйнай рады.

Наста Кахановіч, «Белсат»