Новыя забароны з-за мутаванага каронавіруса


Колькасць захворванняў і смярцей ад каронавіруса за апошні час не памяншаецца. Да таго ж на днях у Брытаніі быў выяўлены новы мутаваны каронавірус, пасля чаго шматлікія краіны прыпынілі авіязносіны з краінай, але не Беларусь.

Тры дні да Калядаў і 10 дзён да Новага года. Але святочнай мітусні не назіраецца. Неўласцівы для гэтага часу і спакой на лётнішчах. Больш за 20 краінаў абмежавалі авіякамунікацыю з Вялікай Брытаніяй, дзе выявілі новы штам каронавіруса.

«Я вельмі хачу дабрацца да Лондану, бо там мая нявеста, я хацеў правесці Каляды і Новы год з ёй», – на лётнішчы ў роспачы кажа студёнт з Нямеччыны.

Могуць не хвалявацца беларусы. Айчынны авіяперавозца не адмяніў рэйсаў у Лондан. Прэс-служба «Белавіі»:

«Мы лятаем у Лондан у серады і нядзелі. У гэты момант ніякіх абмежаванняў у палётах не прадбачыцца».

Беларусы могуць лятаць у Вялікую Брытанію, дзе распаўсюджваецца мутаваны каронавірус, затое не могуць выехаць з краіны наземным шляхам, да прыкладу, у суседнія Польшчу, Літву, Латвію ды Украіну – сёння набыла моц адпаведная пастанова.

«Думаем, што тут не ў каронавірусе справа».

«Ураду лепш бачна. Я думаю, што ў нас паўсюль працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, таму я прымаю палітыку ўраду».

«Калі ў іншых краінах ёсць такія абмежаванні, то і ў нас павінныя быць».

«Я не за закрытыя межы, а за тое, каб хутчэй развівалася медыцына», – выказваюць меркаванне жыхары Магілёва.

Стан айчынны медыцыны штотыдзень правярае Аляксандр Лукашэнка, размаўляе з лекарамі ды пацыентамі. Медыкам Лукашэнка паведамляе, што беларусы ўжо выйшлі на плато, захворванне на COVID зніжаецца. Рэагуе на словы кіраўніка краіны афіцыйная статыстыка, але ў жыхароў Беларусі – супрацьлеглае адчуванне:

«На плато, як кажа «наш прэзідэнт», мы не выйшлі».

«Калі вельмі шмат людзей хварэе – гэта таксама плато».

«Больш! Мы ўсе перахварэлі, сябры перахварэлі, працягваюць хварэць, у шпіталях ляжаць. Толькі больш!»

Чаму ж лічбы афіцыйнай статыстыкі іншыя?

«Улады хаваюць смерці. Гэта робіцца такімі статыстычнымі выбрыкамі, калі першай прычынай называецца нейкая хвароба, а не COVID, як гэта належыць паводле інструкцыяў САЗ», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Змагацца са смяротнаю хваробаю, на думку ўладаў, нам дапаможа расейская вакцына, якой сёння Міністэрства аховы здароўя выдала рэгістрацыйнае пасведчанне.

Цяпер «Спутнік V» можа выкарыстоўвацца ў Беларусі. Самыя ж расейцы не надта спяшаюцца бараніцца ад КОВІДу з дапамогаю сваёй вакцыны:

«Няма вялікага жадання прышчапіцца. Мы лепш, я і мая жонка, паберажомся і паглядзім у бліжэйшы час, як яна ўплывае на чалавека, дапамагае ці не дапамагае, які стварае імунітэт».

«Ніхто яшчэ не рабіў прышчэпкі, сама яшчэ не ведаю, буду ці не».

«Я не планую і знаёмыя не плануюць».

Тым часам новы штам каронавіруса распаўсюджваецца хутчэй за ўжо ранейшы і на 70 адсоткаў больш заразлівы. Дакладных звестак аб смяротнасці ад яго няма, але, падобна, ён усё ж менш цяжкі.

Вольга Старасціна, «Белсат».