Новыя сведчанні катаванняў і новыя ініцыятывы


Рэпрэсіўная сістэма не спыняецца ні перад хворымі, ні перад жанчынамі, ні перад дзецьмі. У прыватным сектары Пінску ўвечары пасля выбараў, калі міліцыя не пускала жыхароў гораду на плошчу, сілавік шчытом збіў з ровара 16-цігадовага Дзяніса Пятрова. Упаўшы, хлопец зламаў руку.

«Ён пачаў мяне падымаць і заломваць рукі. Я кажу: «Не заломвай, я сам пайду». Калі я гэта сказаў, ён сціснуў яшчэ мацней. Я ледзь дайшоў да машыны», – узгадвае Дзяніс Пятроў.

Хуткую дапамогу выклікалі праз некалькі гадзінаў, калі хлопцу ў пастарунку стала зусім кепска. Заяву пра збіццё дзіцяці міліцыя прыняла ў бацькоў толькі пасля звароту ў пракуратуру. А ў сюжэце на дзяржаўным тэлебачанні паказалі, нібыта Дзяніс упаў сам, а міліцыянт, маўляў, надаў яму дапамогу.

Сужэнства менчукоў – Жанна Лагуціна ды Ілля Грыдзюшкін – пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў таксама 9-га жніўня. Жанчыну разам з дачкой, якая ўпершыню прымала ўдзел у выбарах, забралі ля выбарчага ўчастку, куды яны прыйшлі ўвечары дачакацца пратаколу. Жанчыны спрабавалі абараніць незалежных назіральнікаў, якіх збівалі невядомыя ў чорным.

«За тое, што яна пачала здымаць, яе пачалі затрымліваць. Я як мама не магла глядзець, як маё дзіця чатыры здаровыя казлы ў чорным цягнуць у бус», – абураецца Жана Лагуціна.

Адразу ж забралі і мужа, які кінуўся на абарону. Мужчыну збілі і пры затрыманні, і пазней на Акрэсціна.

«Нас перыядычна выводзілі з камер і проста білі. Проста так, дзеля забавы, я не ведаю, «ташчацца» яны ад гэтага, ці што», – узгадвае Ілля Грыдзюшкін.

Збітага мужчыну з Акрэсціна забрала хуткая дапамога, а Жанну Лагуціну з дачкою судзілі ажно два разы.

«Маскоўскага раёну суддзя Мотыль нам прысудзіла па 10 содняў, за тое, што а другой ночы мы былі на Нямізе. Праз 20 хвілінаў адбываецца другі суд, мы былі, аказваецца, на стэле, і нам прысудзілі 20 базавых», – распавядае Жана Лагуціна.

Высілкі тых, хто хоча абскардзіць дзеянні сілавікоў, спрабуе аб‘яднаць штаб Святланы Ціханоўскай. У тэлеграм-канале «Страна для жизни» збіраюць звесткі ад пацярпелых, каб падаць калектыўную заяву для распачынання крымінальнай справы па фактах знікнення, выкрадання, маральнага і фізічнага гвалту.

«Калі ідзе калектыўная заява, нашмат складаней людзям адмовіць, бо гэта не адзін і не два чалавекі. І я вельмі спадзяюся, што мы зможам хадайнічаць пра вочную стаўку з працаўнікамі ЦІПу і праводзіць апазнанне пэўных асобаў», – кажа сябра штабу Святланы Ціханоўскай Вольга Паўлава.

Калектыўныя заявы будуць фармавацца і падавацца ў адпаведныя органы ў парадку паступлення індывідуальных заявак да арганізатараў ініцыятывы. Вольга Паўлава, якую таксама затрымлівалі пасля выбараў, лічыць, што, абʼяднаўшыся, пацярпелыя маюць больш шанцаў дабіцца справядлівасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»