Новыя суд, пракуратура і падаткавая. На дзіцячую пляцоўку грошай няма


Гэта ўлады здолелі адкрыць да 1000-годдзя Берасця. Жыхары ж гораду звяртаюць увагу, што ім не стае куды больш надзённых рэчаў у камунальнай сферы. У прыватнасці, у двары на вуліцы Маскоўскай ужо 48 гадоў няма дзіцячай пляцоўкі. А нядаўна камунальнікі зрэзалі дзіцячую горку ў яшчэ адным двары. Але ставіць новую не збіраюцца.

«Акрамя гэтага, выкладзенага асфальтам… Тут нічога няма! Абсалютна нічога няма!» – жаліцца Любоў Ядава, мясцовая жыхарка.

Двор ля дому нумар 332 на вул. Маскоўскай, што ў Берасці. Тут жывуць больш за паўтысячы чалавек. Але, як цвердзяць мясцовыя жыхары, за 48 гадоў улады гэтак і не змаглі зрабіць дзіцячай пляцоўкі. Дзеці трэцяга пакалення гуляюць на голым асфальце. З грамадскіх выгодаў у двары толькі лаўкі. І тое, як кажуць жыхары, змайстраваныя імі самымі.

«І тое, адну лаўку закапалі, праводзячы працу па камунікацыях. Праводзілі нейкую сетку, інтэрнэт», – гаворыць Любоў Ядава.

«Ходзім у іншыя двары, катаемся на горцы. Самыя разумееце, што іншыя мамачкі не любяць, таму даводзіцца бавіцца тут. Але хацелася б прынамсі горкі, арэлі і пясочніцу», – кажа маладая маці Вольга.

Жыхары сабралі 80 подпісаў і накіравалі ліст у ЖРЭУ з патрабаваннем усталяваць дзіцячую пляцоўку. Камунальнікі адказалі, што на такое ў іх грошай няма:

«У сувязі з абмежаванасцю фінансавых сродкаў, якія выдзяляюцца на добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторыяў у 2019 годзе, усталяваць дзіцячае абсталяванне за кошт бюджэтных сродкаў у двары дому № 322 па вуліцы Маскоўскай сёлета не ўяўляецца магчымым. […] Рашэнне пытання пра набыццё дзіцячага гульнявога абсталявання магчымае за кошт сродкаў жыхароў або спонсара».

Сваё абурэнне выказвае жыхар і яшчэ аднаго двара каля дамоў нумар 22 і 28 на Партызанскім праспекце. Там камунальнікі зрэзалі дзіцячую горку і драўляныя арэлі.

«Прыехалі, проста зрэзалі. Ні ў кога нічога не спытаўшы, не гаворачы, тыя арэлі, мы ўсе здзівіліся. А потым павесілі гэтае, я лічу, непаразуменне», – кажа мясцовы жыхар Генадзь Яцкевіч.

Адмыслоўцы ў ЖКГ сцвярджаюць, што калі горка старая і аварыйная, то камунальнікі абавязаныя яе спілаваць, нават не паставіўшы новай і ў нікога нічога не спытаўшы. Але грамадзяне ўсё роўна абураюцца такімі дзеяннямі.

«Прыйсці проста і спілаваць катэгарычна забаронена. Асабліва ў год 1000-годдзя Берасця. І пра гэта ў тым ліку казаў наш мэр Аляксандр Сцяпанавіч Рагачук», – адзначае грамадскі актывіст Віталь Казак.

І дадае, што сам меў падобную сітуацыю ў сваім двары 4 гады таму. Тады камунальнікі намагаліся знішчыць дзіцячую пляцоўку, але…

«Я выйшаў з дому. Спачатку сабой засланіў гэтую машыну, якая спрабавала з’ехаць. Потым сваёй машынай перагарадзіў шлях, выклікаў міліцыю. У цэлым, была сур’ёзная шуміха. Дабіўся таго, каб у нашым горадзе было спыненае знішчэнне дзіцячых пляцовак. А таксама прымусіў улады аднавіць маю дзіцячую пляцоўку», – працягвае грамадскі актывіст.

Адзінае, што цяпер непакоіць Віталя Казака, гэта адсутнасць гушкалкі. Кажа, летась яе зламалі старэйшакласнікі. А новай ніхто гэтак і не паставіў.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu