Новыя рэпрэсіі супраць журналістаў

Новыя рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў, якія асвятляюць дзеянні ўладаў на мірных дэманстрацыях. На нашых магілёўскіх калегаў, фрылансераў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага склалі новыя пратаколы за незаконны выраб прадукцыі СМІ.

Падобнага адміністратыўнага артыкулу няма нідзе ў Еўропе. А белсатаўца, аналітыка і расследавальніка Ігара Ільяша выкралі з дому ды, як пазней выявілася, арыштавалі на 15 дзён за нібыта ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве.

За краты – на 15 содняў! Журналіста «Белсату» Ігара Ільяша абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, што адбылася 26 кастрычніка на плошчы Незалежнасці. У той дзень студэнты і пенсіянеры сабраліся каля Чырвонага касцёлу на марш. Ігар Ільяш у гэты час праязджаў побач у таксоўцы.

Рашэнне вынесла сумнавядомая шматлікімі працэсамі над актывістамі суддзя Вікторыя Шабуня.

«Я не згодны з пастановай суда. Лічу яе незаконнай. Мы будзем яе абскарджваць, таму што там не было ніводнага сапраўднага доказу віны Ігара Ільяша. Тут адзін засакрэчаны сведка – супрацоўнік Цэнтральнага РУУС – не толькі сам сабе супярэчыў, ён супярэчыў усім пісьмовым доказам у справе», – сцвярджае адвакат Ігара Ільяша Андрэй Мачалаў.

«Чарговы раз нам адкрываюцца новыя грані таго, наколькі мы безабаронныя. Сёння галоўная падстава, на якой будавалася ўсё абвінавачанне, што Ігар знаходзіўся на плошчы Незалежнасці цягам 10–12 хвілін. У якасці доказу быў прыведзены білінг яго тэлефона», – распавядае брат Ігара Вадзім Ільяш.

Сёння наш калега Ігар Ільяш меўся адвезці ў Жодзіна рэчы для сваёй жонкі – палітзняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай, узятай пад варту паводле крымінальнай справы. Аднак напярэдадні вечарам яго затрымалі – невядомыя ў цывільным адчынілі дзверы ягонай кватэры ключом. Апоўначы стала вядома, што Ігара трымаюць у ізалятары на Акрэсціна.

«Усё гэта наводзіць на сумныя думкі. Як у Ежы Леца: непрыстойна падазраваць, калі цалкам упэўнены. Мне здаецца, гэта непасрэдная рэакцыя ўлады, сілавых органаў на прафесійную дзейнасць журналістаў», – гаворыць Вадзім Ільяш.

У Пінску напярэдадні знік карэспандэнт «Медиа-Полесья» Яўген Нікалаевіч. Ён пайшоў у аддзяленне крымінальнага вышуку на апытанне, пасля чаго сувязь з ім знікла. Сёння днём стала вядома, што журналіста ўтрымліваюць у ізалятары.

«Трэба сказаць, што ён прыцягваўся ўжо да адказнасці два разы за гэтыя тры месяцы. Ён быў вельмі моцна збіты ў першыя дні пратэсту, калі ў Пінску моцна збівалі пратэстоўцаў, у тым ліку журналіста», – нагадвае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

З 9 жніўня – дня выбараў прэзідэнта – журналістаў затрымлівалі больш за 360 разоў.

62 журналісты сталіся ахвярамі гвалту, 77 – прайшлі праз адміністратыўны арышт. На дадзены момант за кратамі застаюцца 12 журналістаў – трое з іх паводле крымінальных справаў.

«Улады глабальна ціснуць на медыі. Магчыма, улады думаюць, што дзякуючы медыям людзі выходзяць на пратэсты, але гэта зусім не так. Медыі проста паказваюць сапраўдную Беларусь, сапраўдную карціну, сапраўдныя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі. Можна колькі заўгодна крыўдзіцца на люстэрка, але праўда ў Беларусі такая, а не іншая», – падкрэслівае Барыс Гарэцкі.

Ціск на прэсу бессэнсоўны – упэўнены адмысловец. Бо нягледзячы на застрашванне журналісты працягнуць асвятляць падзеі, а схаваць праўду ад людзей у век інфармацыйных тэхналогіяў немагчыма.Анастасія Русецкая Белсат суд прысудзіў 15 содняў за ўдзел у пікетаванні 26 кастрычніка.

 

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама