Новыя правілы палявання: каб паляўнічы не задумваўся, у што ён паліць


Новыя правілы палявання і вядзення паляўнічых гаспадарак. Сёння набывае моц указ нумар 112. А ён пашырае спіс тых, на каго можна паляваць, змяняе шэраг правілаў, а таксама спрашчае працэдуры. Для Міністэрства лясной гаспадаркі гэта рэгуляцыя прыроды. Для абаронцаў жывёлы – недапушчальны крок.

Беларусь – краіна блакітных азёраў, пушчаў і дом для шматлікіх дзікіх жывёлінаў ды птушак. Аднак ёсць і тыя, для каго прыгажосць прыроды не перашкаджае займацца паляваннем. Жыхары Магілёва:

«Калі гэта ў разумных межах, то цалкам нармальна».

«Мы жывём у сучасным свеце. І трэба неяк інакш. Можна замясціць нечым іншым – можна пайсці ў трэнажорную залу».

«Неабходнасці, каб харчавацца, чалавеку няма, таму гэта выключна камерцыя. Я нават спортам не магу назваць, бо гэта забойства».

А сёння пачалі дзеяць новыя правілы на паляванне ў нашай краіне.

Цяпер дастаткова мець квітанцыю аплаты без рэгістрацыі ў лесагаспадарчай установе; канкрэтызавалі спіс арганізацыяў, што даюць дазвол на паляванне; загоншчыкамі могуць стаць асобы без дазволу, але з 18 гадоў; на калектыўным паляванні кіруе адмыслова прызначаная асоба; акрэслілі, калі дазваляецца перавозіць незараджаную зброю без чахла; апроч паселішчаў, таксама змененыя тэрміны палявання; акрэслілі магчымую шкоду і дакументацыю.

Да дэталяў зменаў паляўнічыя, а таксама гаспадаркі, якія займаюцца паляваннямі, павінныя прыгледзецца больш уважліва. Таксама пашырылі спіс для палявання.

У спіс жывёлінаў, на якія ўжо магчыма паляваць, дадаліся гогаль, качка свістунка і белая чапля. Хаця апошняя не надта цікавая для самых паляўнічых.

«Ніхто адмыслова не паляваў на чаплю, і нікому гэта не цікава. Напэўна, яна дзесьці перашкаджае рыбным гаспадаркам, і гэта дзесь сапраўды ўзнікаюць праблемы, таму яе ўнеслі ў спіс відаў для палявання» – расказвае Уладзімір Кастэнка, паляўнічы.

Яшчэ адна нязначная змена: замест 28-мі каляндарных дзён палявання будуць тыя ж 28 дзён, але менавіта непасрэдна палявання. Таксама змяняецца час палявання.

Усе паляўнічыя гаспадаркі маюць пачаць продаж пуцёвак на паляванне праз інтэрнэт ужо да 1-га студзеня. Шэраг працэдураў для самых гаспадарак спрошчаны. Таксама ідзе эксперымент у замацаванні паляўнічых за канкрэтнымі тэрыторыямі. Паляўнічы Уладзімір Кастэнка:

«Калі мы ўжо будуем меліярацыйныя каналы, дарогі, калі мы прыстасоўваем прыроду так, як нам зручна, напэўна, успрымаць у тым ліку паляванне як спосаб рэгуляцыі папуляцыі дзікіх жывёлінаў».

Таму для Міністэрства лясной гаспадаркі спрашчэнне правілаў палявання – абдуманы і аргументаваны крок. А паляванні неабходныя для балансу экасістэмы. Аднак гэткія аргументы не пераконваюць абаронцаў жывёлы. А дазвол паляваць на белую чаплю, што была да нядаўна ў Чырвонай кнізе, яны называюць лобі рыбгасаў. Максім Нямчынаў, «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:

«Апошні ўказ, які змяніў правілы паляўнічай гаспадаркі і палявання, скажам так, зрабіў усе захады, каб прывабіць больш паляўнічых з-за мяжы ў Беларусь. Гэта сапраўды так. Больш як для беларусаў ён прыстасаваны. Ну, і некаторыя змены, на жаль, былі ўнесеныя, каб спрасціць яшчэ не толькі паляванне там у пытаннях часу, арганізацыі палявання, а яшчэ каб паляўнічы не задумваўся, у што ён паліць».

Сапраўды адным з пунктаў беларускага турызму ёсць менавіта паляванне. Замежнікі не толькі могуць выкупіць адмысловы тур, папаляваць нават на зубра, але і вывезці трафеі з краіны.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Фота: REUTERS / Charles Platiau / FORUM