Новыя лічбы ад Мінздароўя: 6264 інфікаваных


Дзверы ды прыступкі, парэнчы ды паштовыя скрынкі – апрацаваць дэзынфекцыйным сродкам усё, да чаго можа дакрануцца чалавек, уваходзячы ў дом. Актывіст магілёўскага Цэнтру гарадскіх ініцыятываў Кірыл Дарашэнка запрапанаваў сваю дапамогу жыллёва-эксплуатацыйнаму ўпраўленню гораду ў дэзынфекцыі падʼездаў і дзіцячых пляцовак.

Жыхары на зʼяўленне чалавека ў касцюме і з пульверызатарам рэагуюць станоўча:

«Падʼезды трэба апрацоўваць хаця б элементарна. Дома ўжо самі апрацуем, а падʼезды абавязкова трэба».

«Далей за двор мы не ходзім, дзякуй вялікі».

«Да нас не прыходзілі, але ў нас новы раён, магчыма, няхай бы прыйшлі, бо дзеці гуляюць і пераважна людзі не надзяваюць масак».

«Трэба рэгулярна ўвогуле апрацоўваць, не толькі падчас пандэміі».

У Кірыла свая клінінгавая фірма, якая між іншага дае паслугі дэзынфекцыі, таму ёсць і неабходнае прафесійнае абсталяванне, і сертыфікаваныя сродкі апрацоўвання.

«ЖЭУ, канечне, патрэбная дапамога, і не толькі мая. Адзін чалавек – колькі я магу, 11-15 дамоў за дзень апрацаваць? Патрэбная матэрыяльная дапамога ў плане набывання абарончых касцюмаў, рэспіратараў, бо звыклая павязка не пасуе, і распыляльнікі, бо тое, чым яны працуюць, малаэфектыўнае», – адзначае Кірыл Дарашэнка.

Не з дзяржаўнага бюджэту ў значнай ступені забяспечваюцца неабходным і больніцы. 700 тысяч рэспіратараў перадалі медыкам прадстаўнікі беларускіх IT-кампаніяў «EPAM» і «Wargaming», пра гэта Міністэрства здароўя паведамляе на сваім тэлеграм-канале.

А вось пра колькасць зарэгістраваных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі ведамства маўчала ўсе выходныя, пасля таго як у пятніцу афіцыйны лік новых выпадкаў перавысіў паўтысячы. У звестках за суботу і нядзелю ўжо не ўлічвалі тых, хто на амбулаторным лячэнні, а сённяшнія афіцыйныя лічбы апублікавалі толькі ў другой палове дня – 6264 станоўчыя вынікі тэстаў, 51 смерць пацыентаў з выяўленай інфекцыяй.

«Я цяпер не бачу што мы ў чымсьці памыліліся», – казаў учора Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны лічыць сваю тактыку змагання з каронавірусам правільнаю. Беларусь, у адрозненне ад суседніх краінаў, не закрывала межаў, не ўводзіла каранціну, не забараняла масавых імпрэзаў, у тым ліку спартовых і рэлігійных. А, паводле адной з версіяў, каронавірус на Віцебшчыну маглі прывезці наўпрост з Італіі.

«Хварэюць семʼямі, партыямі, а як паслухаеш – у нас увогуле фактычна мы не хварэем. Так што інфармацыя ў нас скрайне бедная».

«На думку прэзідэнта, мы, па-мойму, нейкім чынам больш абароненыя, і, па-мойму, гэта штучная палітыка ідзе».

«Чамусьці там наверсе не задумваюцца пра гэта, не ведаю, хаця на месцах органы ўлады самастойна прымаюць больш жорсткія меры нейкія».

«Выжывем – значыць правільна, не выжывем – значыць няправільна», – ацэньваюць словы кіраўніка краіны жыхары Віцебску.

Паводле ўказу мітрапаліта Паўла ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі часова змяніўся кіраўнік – рэктара ўстановы архіепіскапа Гурыя шпіталізавалі, ён цяпер у рэанімацыі. У семінарыі створаны надзвычайны штаб, арганізоўваецца дэзынфекцыя памяшканняў і ўладкоўваецца інакш побыт выкладчыкаў і навучэнцаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»