Новыя купюры з павышанай абароненасцю. Чаму саборы, а не «зайчыкі»?


Без аўтографа колішняга старшыні Нацбанку Пятра Пракаповіча, але затое з двухбаковым лакіраваннем і ўзмоцненым краем. У Беларусі з’явіліся новыя купюры наміналам 5 і 10 рублёў. Але тэрміновага абмену банкнотаў не плануюць.

На купюрах пяць і дзесяць рублёў можна ўбачыць не толькі Камянецкую вежу ды Крыж Еўфрасінні Полацкай. Вось, напрыклад, подпіс старшыні Нацбанку ў 2009 годзе – Пятра Пракаповіча. Аднак самы знакаміты кіраўнік Нацыянальнага банку знікае не толькі з публічнай прасторы, але і з айчынных грошай. Новыя купюры будуць выходзіць ужо без ягонага подпісу.

Аднак гэта не адзіныя змены ў прэзентаваных Нацыянальным банкам абноўленых банкнотах, што сёння ўводзяцца ў абарот. Купюры 5 і 10 рублёў – найбольш папулярныя, яны займаюць каля сарака адсоткаў ад усіх банкнотаў. Налета Нацбанк плануе выпусціць новыя банкноты наміналам 20 і 50 рублёў. Абноўленыя грошы будуць у абароце паралельна са старымі.

Аляксандр Цярэшчанка, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення арганізацыі касавай працы НБ РБ:

«Дададзены філігранны вадзяны знак да паўтонавага вадзянога знаку. Філігранны – так, светлы, грамадзяне ўбачаць адразу. На пяцёрцы – гэта выява наміналу 5, на дзясятцы – 10. Абарончая ніць стала крыху шырэйшая, цяпер яна будзе больш зручнай для праверкі сапраўднасці банкнотаў».

Беларусь перажыла чатыры глабальныя абнаўленні валюты: у 1992, 1994, 2000 і 2016 гадах. Дагэтуль хіба самымі пазнавальнымі беларускім грашамі застаюцца тыя, што хадзілі ў першыя гады незалежнасці, на іх былі выяўленыя пераважна жывёліны. На аднарублёвай банкноце быў заяц. Таму і замацавалася нефармальная назва беларускіх грошай – «зайчыкі».

Зміцер Сурскі, старшыня Беларускага саюзу дызайнераў:

«Грошы гэтыя распрацаваныя ў такім сучасным трэндзе. Яны падобныя да еўраў, сучасныя, да тых грошай, якімі карыстаюцца ў Кыргызстане, у Казахстане, у іншых краінах былога Савецкага Саюзу. І тут можна было б паразважаць пра тое, чаму б не зайчыкі і вавёрачкі, якія маглі б стаць і ў свой час былі трэндам. Беларускія грошы так і звалі – «зайчыкі».

А ці даспадобы сучасныя беларускія рублі спажыўцам? Жыхары Менску распавядаюць:

«Мне здаецца, што архітэктура – гэта не самае горшае, што можа быць на грошах».

«Лепш цяперашнія, таму што тады вельмі шмат было гэтых зайцоў, лісіц, ваўкоў».

«Прыгожыя, але капейкі мне не вельмі падабаюцца».

«Нават не звяртаем увагі, шчыра кажучы».

Адмыслоўцы ж мяркуюць, што грошы служаць не толькі функцыянальным мэтам.

«Калі чалавек упершыню прыехаў у Беларусь і вымушаны карыстацца папяровымі грашыма, ён заўважыць цікавыя для сябе рэчы. Першадрук наш знакаміты скарынаўскі, раскопкі, якія вядуцца ў Берасці, царква Еўфрасіннеўская ў Полацку і іншае», – тлумачыць Зміцер Сурскі, старшыня Беларускага саюзу дызайнераў.

І хоць доля безнаяўных разлікаў усё большае, пра што кажуць у Нацбанку, роля друкаваных грошай застаецца важнай: трэба мець рэзервы на выпадак разнастайных фінансавых нечаканасцяў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu