Новы ўказ Лукашэнкі прывядзе да павышэння коштаў на камуналку для кааператываў


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=j8u9rjnfffs”][vc_column_text]Паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Беларусі кантралююцца дзяржаваю. Аднак, як сведчаць шматлікія прыклады, гэта не гарантуе высокай якасці працы камунальнікаў. Людзі скардзяцца на высокія тарыфы і праблемы, якія нярэдка дзесяцігоддзямі застаюцца без развязання.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Падʼезд жахлівы, ліфт жахлівы хоць і новы».

«На кухні трэба паўгадзіны спускаць ваду, каб пайшла гарачая. За гэта я таксама плачу грошы».

«Кантраляваць іх немагчыма, нечага дабіцца цяжка».

Удзельнікі адмысловай канферэнцыі ў Менску, прысвечанай перспектывам развіцця сістэмы самакіравання, адкрыта заяўляюць, што дзяржаўныя прадпрыемствы ЖКГ стратныя, а іх існаванне даўно страціла сэнс. Як альтэрнатыва прапаноўваецца больш якасная праца таварыства ўласнікаў жытла. Такія структуры таксама дзеяць у нашай краіне.

МІКАЛАЙ ПЛІСКО, ТАВАРЫСТВА УЛАСНІКАЎ «БРЫЛЕВІЧЫ»:

«Розніца ў абслугоўванні. Тут кожны грамадзянін можа схапіць за руку старшыню таварыства і выказаць усё, што ён думае пра яго працу і пра тое, што адбываецца побач з домам».

Таварыствы ўласнікаў жытла могуць аб’ядноўваць, паводле розных звестак, нават да двух мільёнаў асобаў. Паводле заканадаўства, гэтыя арганізацыі маюць права абслугоўваць жылыя дамы, прыцягваць працаўнікоў або фірмы на падставе працоўных дамоваў. Аб’яданні не атрымоўваюць дзяржаўных субсідыяў, а ўсе выдаткі аплочваюць самастойна. Гэткім чынам яны ствараюць сур’езную канкурэнцыю стратным дзяржаўным манапалістам.

ШТО МЯРКУЮЦЬ МЕНЧУКІ?

«Манапаліст гэта манапаліст. Ён дыктуе свае ўмовы, а канкурэнцыя яна больш рухлівая».

»Мы б разумелі, куды ідуць нашыя грошы, хто выконвае працы, з каго спытаць, хто за ўсё адказвае».

Аднак гэтыя структуры самакіравання аказаліся пад пагрозаю знікнення. Усяму віновую прэзідэнцкі ўказ № 322, які прадугледжвае безнаяўныя субсідыі на камунальныя паслугі для маламаёмных. Хоць крок сам сабою карысны для значнай часткі грамадства, яго наступствы выклікаюць канфлікт з функцыянаваннем прыватных жыллёвых арганізацыяў.

КАНСТАНЦІН САВІЦКІ, СТАРШЫНЯ ТАВАРЫСТВА ЎЛАСНІКАЎ:

«Указ канкрэтна прапісвае нам выкарыстоўваць гэтую праграму, але не дае нам права выступаць упаўнаважанай асобай у налічэнні камунальных безнаяўных субсідыяў».

У такім выпадку давядзецца працаваць з пасярэднікамі, якія будуць налічваць высокія адсоткі. А гэта прывядзе да ўзросту коштаў камунальных паслугаў у прыватных таварыствах.

АЛЯКСАНДР ГАЛАВАЧ, ТАВАРЫСТВА УЛАСНІКАЎ:

«Мэтазгоднасць існавання таварыства знікае. Людзі будуць плаціць усё больш і больш, зʼявяцца запазычанасць, знікне плацежная здольнасць».

Уласнікі, прысутныя на сустрэчы ў Менску, мяркуюць, што гэткім чынам дзяржава хоча задушыць рэшткі формаў самакіравання ў Беларусі. Каб не дапусціць такога, неабходная кансалідацыя ўсіх зацікаўленых.

МІКАЛАЙ ПЛІСКО:

«На сённяшні дзень у нас 98% жытла прыватызаванае. На гэтай падставе можна стварыць абʼяднанне, якое будзе адстойваць інтарэсы ўласнікаў».

Па выніках сустрэчы ў Менску падрыхтавалі адмысловую рэзалюцыю. Удзельнікі канферэнцыі патрабуюць ад уладаў выпрацаваць эфектыўныя механізмы, якія б дазволілі таварыствам без перашкодаў працягнуць працу. Дакумент перададуць кіраўніку краіны і дэпутатам.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: TUT.BY[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]