Аб'ектыў 03.02.2017 Новы рэкорд Лукашэнкі. Аб чым была «Вялікая размова»


У сваім маналогу Лукашэнка паразважаў пра «абвастрэнне» дачыненняў з Расеяй, смяротнае пакаранне, беларускую мову, зніклых палітыкаў і нашумелы дэкрэт «аб дармаедах».

У інтэрнэце сённяшнюю прэс-канферэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў выставачным цэнтры «БелЭкспа» назвалі «Вялікім стэндапам».

У стэндапе былі нумары пра «абвастрэнне» дачыненняў з Расеяй, смяротнае пакаранне ды беларускую мову, зніклых палітыкаў і нашумелы дэкрэт «аб дармаедах», якога ніхто адмяняць не збіраецца. Больш за тое, са словаў Лукашэнкі, толькі нязначная частка беларусаў абурылася дэкрэтам.

«Мы ж не прымушаем працаваць. Напрыклад, жонка Паўла Ізотавіча не хоча працаваць – ну і не трэба. Але атрымліваеш паслугу – ідзі заплаці гэтыя капейкі», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка не забыў выказацца і наконт заўважнага развароту на Захад, на які яго падштурхнуў асабіста Уладзімір Пуцін, аднак з істотнаю агаворкаю: «Мы не Украіна, мы не антырасейскія, мы ў НАТО не імкнемся».

Лукашэнка без багаццяў

Паводле кіраўніка краіны, разам з малодшым сынам яны жывуць не ў Драздах, а ўжо з дзесяць гадоў маюць драўляны дамок у нейкай вёсцы. Што ж да будоўлі новай рэзідэнцыі ў Шаршунах, пра якую першым паведаміў «Белсат», Лукашэнка адказаў, што ў цяжкія для эканомікі часы такіх абʼектаў будаваць не выпадае. А будуецца, маўляў, і не рэзідэнцыя, і не ягоная. Праўда, у Шаршунах ён бывае, але не ўзяў ніводнай капейкі з бюджэту на пабудову там нерухомасці.

«У мяне дастаткова сяброў, для якіх 10-20 тысяч долараў – не грошы», – заявіў Лукашэнка.

Цягам усяго шматгадзіннага выступу Лукашэнка апеляваў да эканаміста Яраслава Раманчука, ставячы яго ў прыклад ледзь не ў кожнай частцы свайго звароту. Інтэрнэт адрэагаваў імгненна, даўшы прэс-канферэнцыю Лукашэнкі яшчэ адну назву – «Вялікая размова прэзідэнта з Яраславам Раманчуком».

І да Раманчука, і да ўсіх іншых суразмоўцаў Лукашэнка традыцыйна звяртаўся на «ты», а вось прыгадванне канкрэтных дзеячаў апазіцыі, па імёнах і прозвішчах, раней Лукашэнку не было ўласцівае. Сёння ж згадаў і Станіслава Шушкевіча, і нават два разы старшыню АГП Анатоля Лябедзьку.

«Размова» цягнулася сем гадзінаў і дваццаць хвілінаў – гэта рэкорд працягласці падобных мерапрыемстваў. Падчас папярэдняй сустрэчы, якая прайшла 29-га студзеня 2015 года, – кіраўнік Беларусі размаўляў з журналістамі 7 гадзінаў і 7 хвілінаў.

Віталь Бабін

Глядзі таксама
Каментары