Новы Працоўны кодэкс: Беларусь зноў стала краінаю прымусовай працы


Закон канчаткова зацверджаны і набудзе юрыдычную моц у найбліжэйшыя паўгода. Папярэдняй рэдакцыі дакументу налета споўнілася б 20 гадоў. Там паправак патрабаваў і час, і зменлівыя ўмовы працы. Тысячы працаўнікоў сустрэліся з недасканаласцямі ў законе на ўласным прыкладзе.

«Былі затрыманні заробку. Пачакалі, прамаўчалі – пасля дачакаліся».

«На сёння сітуацыя такая, што з краіны з’ехала шмат працоўных-будаўнікоў – гэта бачна, гэта адчувальна». «Працоўных адмыслоўцаў не стае. Чаму? Гэта я вам не скажу».

«Мае правы вельмі часта парушаюцца. Але заплюшчваеш вочы на гэта, бо трэба працаваць і канфліктаваць з кіраўніцтвам не дужа хочацца. Бо паспрабуй пасля ўладкавацца на працу», – распавядаюць мінакі.

Сярод новага ў Працоўным кодэксе – фрылансэрства, а дакладней, дыстанцыйная праца. Цяпер такія працаўнікі змогуць мець некалькі працадаўцаў, а таксама аплачвальны адпачынак і ліст непрацаздольнасці.

Праўда, да прыкладу, нашым калегам журналістам-фрылансэрам гэта ўсцяж нічога не дае, хоць адпаведныя звароты заканадаўцы атрымлівалі неаднойчы. На жаль, сфера СМІ, сфера інфармацыі застаецца жорстка рэгуляванай, і дзяржава не гатовая ісці на нейкі фрыланс.

«Калі для працаўнікоў іншых прафесіяў дазволена працаваць адразу з некалькімі прадпрыемствамі, то для журналістаў ёсць дакладная прывязка – ты журналіст пэўнага медыя», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Станоўчае ў абноўленым законе – двухтыднёвы адпачынак для мужчын у выпадку нараджэння дзіцяці. А ў супрацьвагу – права для наймальніка выпраўляць у камандзіроўкі ды на суботнікі маладых маці, якія дачасна вырашылі выйсці з дэкрэтнага адпачынку. Стае і іншых супярэчнасцяў.

«Заканадаўча дазволена перадаваць працоўных іншаму наймальніку з ягонай згоды на паўгода. Але мы цудоўна разумеем, што на дзень можна вярнуць чалавека, а пасля ізноў перавесці на паўгода. І, па-другое, пры гэтым кароткатэрміновым кантракце, а хто будзе запытваць гэтую згоду ў працаўніка?» – тлумачыць сябра БКДП Сяргей Антусевіч.

Пры гэтым, калі ў старой рэдакцыі Працоўнага кодэксу была наўпроставая забарона пераводзіць працоўных на кароткатэрміновыя кантракты, то зараз для наймальніка гэта заканадаўчае права. Працоўны ж звольніцца на ўласнае жаданне падчас кантракту права не мае. Таму Беларусь з новым законам можна называць «краінаю прымусовае працы».

«Закон стаў не толькі горшы ў свеце, але Беларусь стала краінаю часовай занятасці: кароткатэрміновыя кантракты, якія распаўсюджаныя ўва ўсім свеце, але, як выключэнне, у нас яны сталі заканадаўчай нормай. І мы адзіная такая краіна», – кажа старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Новы Працоўны кодэкс пазычыў самыя спрэчныя палажэнні двух прэзідэнцкіх дэкрэтаў – 5-га і 29-га: аб кароткатэрміновых кантрактах, сістэме празмерных пакаранняў працаўнікоў і дадатковых магчымасцях іхнага звальнення.

Галіна Абакунчык, belsat.eu