Новы помнік дэпартаваным аўстрыйскім габрэям адкрылі сёння ў Трасцянцы


Ва ўрачыстай імпрэзе ўзяў удзел кіраўнік дзяржавы і аўстрыйскі канцлер Зэбаст’ян Курц, а таксама сваякі расстраляных габрэяў.

«Р, ай, ц, е, л», – чытае па літарах Эдна Магдэр імя на помніку.

Райцель. Менавіта гэтак скарочана называлі бабулю Эдны Магдэр. 30 гадоў канадская аўстрыйка Эдна шукала месца яе пахавання. І толькі пару гадоў таму жанчына дазналася пра трагічны лёс сваёй бабулі.

«18 верасня 1942 года была забіта мая бабуля ў Малым Трасцянцы. Было цяжка знайсці дакументы, але аўстрыйцы дакументавалі ўсіх людзей, якіх дасылалі. Агулам з Вены сюды прыйшло дзесяць цягнікоў, і імя кожнага чалавека на кожным цягніку захавалася», – кажа Эдна.

Райцель і яшчэ каля тысячы імёнаў дэпартаваных габрэяў увечненыя ў новым помніку. У гады Другой сусветнай вайны ім казалі, што іх перасяляюць на Усход. Але як толькі цягнік прыбываў у акупаваны фашыстамі Менск – большасць габрэяў адразу расстрэльвалі. Увекавечыць іхную памяць узяўся скульптар Канстанцін Касцючэнка:

«Гэта адна вялікая каменная глыба, якая раскалолася на дзесяць частак, на дзесяць калонаў. Кожная калона сімвалізуе гэты чыгуначны састаў, на якім прывозілі сюды грамадзянаў Аўстрыі».

Агулам у Трасцянцы загінулі 23 тысячы дэпартаваных габрэяў з Аўстрыі, Нямеччыны і Чэхіі. На ўсіх іх захаваліся транспартныя лісткі. Колькі ж агулам расстралялі людзей разам з беларусамі – дакладна сказаць цяжка.

«Ад 60 тысяч да 206 500. Хаця 206 500 – гэта дастаткова вялікая лічба, якую наўрад ці можна пацвердзіць, і ўвогуле дакладных звестак мы ніколі не атрымаем», – тлумачыць гісторык Аляксандр Далгоўскі з гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна.

Трасцянец – найбуйнейшае ў Беларусі месца масавага знішчэння людзей у гады Другой сусветнай вайны. Тут загінулі ваеннапалонныя, партызаны, мірныя жыхары. Пра тое, што ў Трасцянцы забівалі дэпартаваных з Захаду габрэяў, у савецкі час маўчалі.

«Дэпартаваныя габрэі ў нас у дакументах, у канцавых дакументах надзвычайнай камісіі, а пазней і ў музеях, і ў мемарыялах і на абелісках, – яны былі прадстаўленыя як мірныя грамадзяне. Або савецкія мірныя грамадзяне. Гэта значыла, што шмат якія сваякі не маглі ведаць, што іх сваякі былі забітыя тут», – кажа Далгоўскі.

На пачатку 2000-х культура памяці пачалася змяняцца, а летась у Благаўшчыне, дзе была расстрэльная яма Трасцянца, адкрылі мемарыял. На ўрачыстай імпрэзе прысутнічалі прэзідэнты Аўстрыі і Нямеччыны.

Ахвярамі трагедыі сталі грамадзяне розных краінаў. Таму Трасцянец – міжнародны мемарыял, дзе права на памяць маюць усе нацыянальнасці.

Наста Кахановіч, belsat.eu