Новы навучальны год: колькі каштуе?


7-гадовая Лера ідзе ў другі клас. Да школы гатовая цалкам: ранец і спартовая форма засталіся з мінулага года, а астатняе: абутак, адзенне, канцылярыю – бацькі набылі новыя.

«Усё вельмі дорага. Пачалі збірацца мы з чэрвеня месяца. Набывалі форму ў мінулым годзе толькі беларускіх вытворцаў. Так бы мовіць, каб падтрымаць беларускія прадпрыемства. У гэтым годзе набылі значна таннейшую – расейскай вытворчасці», – кажа маці Леры Юлія Ужанава.

На рыхтаванне дачкі ў школу Ужанавы сёлета выдаткавалі 540 рублёў. Пры гэтым яны атрымалі 76 рублёў матэрыяльнай дапамогі як шматдзетная сям’я і яшчэ 40 рублёў – ад прафсаюзу.

«Гэта фарбы, гэта для школы мне, гэта такія алоўкі двайныя», – паказвае свае новыя рэчы школьніца.

Што думаюць пра кошты іншыя бацькі, мы запыталіся на школьным кірмашы ў Магілёве:

«З асартыментам праблем няма, а вось цэннік… Хаця на школьных базарах мне цэнавыя катэгорыі таксама падабаюцца, у крамах даражэй».

«Я гэтым не займаўся, мая жонка займалася, я проста грошы заплаціў, і ўсё нармальна».

«У якой краіне мы жывем, заробкі якія, што вы, самі не ведаеце? Так і збіраемся».

«Складана, што грошай пакуль няма, заробку чакалі».

«Усё выйшла не за 1 капеечку, бо я маці-адзіночка, мне гэта вельмі складана».

Акрамя коштаў на школьныя тавары бацькоў хвалюе і другое пытанне: як будзе праходзіць навучанне ў новым вучэбным годзе ў сувязі з каронавірусам. Пасля вясновых канікулаў Лера ў школу не вярнулася, а цяпер збіраецца ісці, нягледзячы на пандэмію.

«Ой, папраўдзе, адразу ўвогуле сказалі, што яны будуць сядзець у масках. Ну гэта жудасна. Ці пасадзім іх праз аднаго, праз адну парту. Але як гэта? 29 чалавек у класе. Куды іх пасадзіць, на два ярусы хіба? Нерэальна. Мне падаецца, што калі нехта пачне хварэць хаця б у паралелі, то я проста перастану вадзіць у школу і ўсё», – кажа Юлія Ужанава.

Масавага дыстанцыйнага навучання не прадугледжваецца, але могуць быць выключэнні. Бацькоўскія сходы будуць лазіць онлайн або ў вялікіх актавых залах з забеспячэннем дыстанцыі. Настаўнікі мусяць насіць маскі, дзеці – на жаданне. Клас будзе навучацца ў адным памяшканні. З якім настроем збіраюцца ў школу дзеці?

«Я хачу ў школу. Мне падабаецца, што там мае сябры, мне падабаецца вучыцца, я перайшла ў трэці клас, зараз будзе ангельская мова ў мяне».

«Ну, праўда, не вельмі хочацца ісці ў школу. І новыя настаўнікі, новыя класы, не ведаю нават».

«Хачу проста ў першы клас, паглядзець, што там будзе».

«Канечне, не хочацца ісці ў школу, каму хочацца. Лета заканчваецца, а ў школу ўсё роўна ісці трэба. І так, і так пойдзеш, як ні круціся».

З прычыны каронавіруса заўтра, 1 верасня, у большасці школаў урачыстыя лінейкі адбудуцца толькі для першых і выпускных класаў. Астатнія дзеці – адразу пойдуць на ўрокі.

Вольга Васільева, «Белсат»