Новы міністр унутраных справаў – былы намеснік Шуневіча, спецназавец і зноў не беларус


У краіне з’явіліся новыя старшыні выканкамаў, міністр аховы здароўя і міністр унутраных справаў. Апошняе прызначэнне прыцягнула найбольшую ўвагу грамадскасці. Юрый Хаджымуратавіч Караеў – не беларус. Чаму Лукашэнка прызначае чарговага сiлавiка – нарадзінца не нашай краіны? І чаго нам, беларусам, чакаць ад новага галоўнага міліцыянта?

Традыцыйна не цывільны. Былы камандзір унутраных войскаў, да ўчора намеснік Ігара Шуневіча, уладальнік крапавага берэту Юрый Караеў. Беларусь мае новага міністра ўнутраных справаў.

«Патрабаванні для тых, хто здае на берэт, сталі больш жорсткімі. Больш сталі складанымі ў тэхнічным плане, і ў псіхалагічным, і, напэўна, у інтэлектуальным таксама», – гаварыў Юрый Караеў у 2008 годзе.

Са спецназу, але не з Беларусі. Як і чацвёра папярэднікаў, Юрый Караеў нарадзіўся не ў нашай краіне. Паходзіць з Паўночнай Асеціі, скончыў інстытут у Саратаве, а напрыканцы існавання Савецкага Саюзу паспеў паслужыць у гарачых пунктах у Нагорным Карабаху.

«Лукашэнка рыхтуецца, што могуць быць падзеі. І давядзецца біць беларусаў, а самога беларуса тут не паставіш. І, на мой погляд, гэта імперская палітыка. Альбо Масква прызначае такіх людзей, альбо Лукашэнка сам баіцца беларусаў», – мяркуе сустаршыня Беларускае Хрысціянскае Дэмакратыі Павал Севярынец.

Акурат пра біццё людзей згадаў сёння і Лукашэнка, калі прызначаў Юрыя Караева на пасаду:

«Той, хто заслугоўвае, каб яго падтрымалі і нават пʼянага дахаты адвезлі, – так і трэба зрабіць. Той, хто заслугоўвае па мазгаўні ці па пысе, – павінен атрымаць».

Ці пачуваемся больш бяспечна пасля такіх заяваў? Мы запыталі на вуліцах сталіцы. І вось што нам адказалі:

«Бяспека, складана сказаць. Хутчэй за ўсё, так, дваяка».

«Усё добра, я па вуліцах не баюся хадзіць. Ні раніцай, ні ўвечары. Вельмі добра!»

«Не пачуваюся ў бяспецы пасля гэтага. І наагул, адмоўна стаўлюся да словаў нашага прэзідэнта. Я ведаю, што Караеў. Хацелася б, каб міністрам быў выхадзец з Беларусі».

На думку сустаршыні БХД Паўла Севярынца, які шматразова зазнаваў пераслед з боку сілавікоў, Караеў наўрад ці выправіць сітуацыю як з іміджам, гэтак і з працаю МУС:

«Чалавек працаваў увесь час: спецназ, унутраныя войскі, якія ўдзельнічаюць у разгоне маніфестацыяў, якія займаюцца ў тым ліку і аховай спецкантынгенту, тых самых палітычных, якія трапляюць у ізалятары і турмы. Я выбачаюся: няўжо незразумела, што за 7 гадоў Шуневіча Міністэрства ўнутраных справаў пераўтварылася ў грамадскім уяўленні ў такі Мордар? І патрэбны інтэлігентны міністр!»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цэніць менавіта вайсковы досвед Юрыя Караева. На думку кіраўніка Беларусі, гэта дазволіць новаму міністру, цытата, страсянуць міліцыю ў плане дысцыпліны.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu