Аб'ектыў 13.04.2019 Новы «крыжалом» у Курапатах


Выломліваць крыжы з братэрскіх магілаў – гэта цяпер завецца «акцыя па прыборцы і добраўпарадкаванні Курапатаў».

Ва ўрочышча пад Менскам, дзе ў сталінскія часы НКВД-шнікі расстралялі дзясяткі тысячаў рэпрэсаваных, сёння аўтобусамі прывезлі сотню прадстаўнікоў праўладных арганізацыяў: БРСМ, «Белая Русь», ветэраны-афганцы. Усе атрымалі інструктаж ад дырэктара Бараўлянскага спецлесгасу Аляксандра Мірановіча: не ўступаць у дыялог з тымі, хто супраць дзеянняў уладаў, усіх ігнараваць. Як і 4 красавіка, сёння ў Курапатах дзяжурыў спецназ у цывільным, а спецтэхніка павыдзірала крыжы, якія стаялі побач з кальцавой.

Апошнія па-за агароджай: адзінкавыя крыжы застаюцца «на волі» ў Курапатах. ФОТАФАКТ

«Асабліва тут не звернешся нікуды. Асабліва ў справе жалезных крыжоў, каля 30 штук, наколькі памятаю, зніклі», – кажа Дзяніс Урбановіч, старшыня «Маладога Фронту».

А вось як патлумачыў дзеянні ў Курапатах Віктар Маліноўскі, старшыня Менскага абласнога аб‘яднання прафсаюзаў:

«Гэта нашая традыцыйная акцыя перад Вялікаднем і Радуніцай. Федэрацыя прафсаюзаў прымала ўдзел ва ўсталяванні памятнага знаку, і ў цэлым мы працуем у Курапатах, наводзім парадак, каб чалавек мог прыйсці сюды і ўзгадаць, што адбылося».

Усе крыжы, выламаныя з курапацкай зямлі, былі пастаўленыя за народныя грошы, без удзелу ўладаў.

Апошнія па-за агароджай: адзінкавыя крыжы застаюцца «на волі» ў Курапатах. ФОТАФАКТ

Спыніць святатацтва ў Курапатах і не ігнараваць меркавання людзей – такі заклік да адказных чыноўнікаў зрабіў сёння кіраўнік Каталіцкага касцёлу ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч. Актывісты таксама абураюцца, што «крыжалом» адбываецца якраз у Вялікі пост.

«Каб яны вырывалі крыжы, ставілі дрэвы, і казалі, што гэта вялікая традыцыя хрысціянская – у галаве не змяшчаецца», – кажа грамадскі актывіст Яўген Батура.

«Унутры людзі разумеюць, што адбываецца злачынства, што гэта справа супраць Бога і беларускага народу, супраць памяці закатаваных тут людзей», – абураецца Ганна Шапуцька, каардынатар грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты».

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў спыніць святатацтва ў Курапатах

Знос сотні крыжоў, з’яўленне ў Курапатах металічнага плоту і брамы – гэта вынік асабістага загаду Аляксандра Лукашэнкі.

1 сакавіка ён заявіў, што крыжы, бачныя з дарогі, – гэта дэманстрацыя, і яму не падабаецца. І вось вынік.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары