Новы кіраўнік АГП: «Я не буду працаваць у такім рэжыме, як Анатоль Лябедзька»


Сёння найбуйнейшая ў нашай краіне апазіцыйная структура – Аб’яднаная Грамадзянская Партыя выбірала новага старшыню. Ім стаў Васіль Палякоў – сябра партыі з 22-гадовым стажам, якому аддалі свае галасы семдзесят два са ста чатырох партыйных дэлегатаў. Новы старшыня коратка пра адрозненне ад папярэдніка

«Я не буду працаваць у такім рэжыме, як Анатоль Лябедзька, калі ён там мог звяртацца да каманды позна ўвечары, ці рана раніцаю, я за тое, каб людзі адпачывалі, каб загадзя дамаўляцца пра нейкую працу. Я больш скрупулёзны чалавек», – заявіў Васіль Палякоў.

Да нядаўняга часу, галоўнымі прэтэндэнтамі на пасаду былі бяззменны з двухтысячнага году старшыня партыі Анатоль Лябедзька і адзіная апазіцыйная дэпутатка ў палаце прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Апошняя абвесціла пра змену свайго рашэнне толькі ўчора.

«Я вырашыла зняць сваю кандыдатуру з паста лідара партыі, паколькі за паўгода той працы, што я зрабіла са сваёй камандай, я паглядзела на той кавалак працы, якую я зрабіла са сваёй камандай і паглядзела на існуючыя ў партыі праблемы, узважыла тую колькасць часу, якое спатрэбіцца на рашэнне гэтых пытанняў і зразумела, што мая галоўная задача – праца ў палаце прадстаўнікоў і падрыхтоўка да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў», – кажа дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Але адмыслоўцы мяркуюць, што ў спадарыні Канапацкай проста не было шанцаў на старшынства, прычына – ранейшая спроба расколу.

«Яна паспрабавала абвесціць пра стварэнне нейкага новага руху паралельнага, ці альтэрнатыўнага АГП – «Наперад Беларусь», без згоды і ведама кіраўніцтва АГП», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Анатоль Лябедзька моцна раскрытыкаваў такі намер сваёй партыйнай калегі. Праўда сам старшыня на самым пачатку ўнутрыпартыйнай электаральнай кампаніі заявіў, што не будзе прэтэндаваць на старшынства ў партыі. І, здавалася, перадумаў напрыканцы чэрвеня, у часе перадвыбарчых дэбатаў…

«Я заўсёды гаварыў, што ёсць нейкі маленькі шанец, што я магу ўдзельнічаць у кампаніі і вось гэты маленькі шанец я сёння выкарыстоўваю», – адзначыў экс-кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька.

Пасля дэбатаў, якія збольшага палягалі на тым, што кандыдаты пагаджаліся адзін з адным па большасці пытанняў, выглядала на тое, што абіраць АГП будзе перадусім паміж Канапацкай і Лябедзькам. Але напярэдадні, партыйную карʼеру прыпыніў і Анатоль Лябедзька.

«Я не кажу бывайце, я кажу да пабачэння. Бываюць такія ў жыцці перыяды, калі трэба выйсці з ракі, якою ты ішоў пэўны час і азірнуцца абапал», – патлумачыў Лябедзька.

На меркаванне адмыслоўца, Анатоль Лябедзька вырашыў адмовіцца ад барацьбы за крэсла старшыні толькі калі стала відавочным, што яго не зойме Ганна Канапацкая. Паводле Карбалевіча, цяжка не заўважыць глыбокі крызіс у шэрагах айчынных апазіцыйных структураў

«У палітычную апазіцыю няма прытоку свежых, маладых новых сілаў, новых менеджараў. Бо знаходзячыся ў апазіцыі, зрабіць нейкую палітычную карʼеру – для гэтага трэба было б ісці ў БРСМ, або яшчэ куды», – дадае Валер Карбалевіч.

Бо нават вяршыня карʼеры ў беларускай апазіцыі – кандыдаванне на пасаду прэзідэнта, ня толькі не сканчаецца перамогаю, але і не забяспечвае перад збіццём, ці турмою.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Фота – svaboda.org