Новы галоўны ідэолаг краіны Андрэй Кунцэвіч. «Гэта чалавек, за якім напэўна пойдзе моладзь»


Падтрымлівае адраджэнне беларускай культуры, разумее маладых – гэтак пра новага кіраўніка ідэалагічнага апарату кажуць ягоныя сябры і настаўнікі. «Белсат» наведаў малую радзіму новага намесніка галавы адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча. Ці зменіць малады чыноўнік ідэалагічны курс дзяржавы?

Дырэктарка Бялыніцкай сярэдняй школы з гонарам паказвае альбомы з вершамі таленавітых вучняў. Сярод іх – вершы новага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі Андрэя Кунцэвіча, напісаныя па-беларуску.

Таццяна Балдышэўская, дырэктарка сярэдняй школы № 1, Бялынічы:

«Я сама настаўніца беларускай мовы і літаратуры, працую ў сферы беларускага адраджэння, і Андрэй Міхайлавіч заўсёды падтрымлівае гэта».

Данута Клопава, настаўніца беларускай мовы, Бялынічы:

«Мне, як настаўніку, вельмі хацелася б, каб гучала наша мова. І вось гэтае жаданне па жыцці яму ўдалося спраўдзіць. З ягоных вуснаў беларуская мова гучыць вельмі цудоўна».

Праўда, папулярызаваць беларускую мову шэфу ідэалагічнай вертыкалі, які пачынаў кар’еру ў бялыніцкай раёнцы, Лукашэнка не загадаў. Галоўная задача – рыхтавацца да парламенцкіх выбараў. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Вы павінныя адчуваць тыя месцы, дзе мы недапрацоўваем. Я ўжо назваў адзін з такіх кірункаў – праца ў інтэрнэце».

Разумее, што такое Twitter і замежныя мовы, чалавек старой загартоўкі але новага пакалення – так Андрэя Кунцэвіча апісвае ягоны школьны сябар.

«Гэта чалавек, за якім пойдзе не толькі пакаленне нашага ўзросту, але гэта чалавек, за якім, напэўна, пойдзе моладзь. […] Чалавек, які разумее, у чым будучыня нашае рэспублікі», – упэўнены Дзмітрый Ляшук, настаўнік англійскай мовы, Бялынічы.

У чым будучыня нашае рэспублікі наўрад ці разумее нават галоўны субʼект яе ідэалогіі – Аляксандр Лукашэнка. Праект пабудовы «моцнай і квітучай Беларусі» зайшоў у тупік – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Чарка, скварка, патрыманая іншамарка – гэтая трыяда была побытавай ідэалогіяй беларусаў. Цяпер гэта развальваецца. Паглядзіце, як вялікімі нажніцамі яны абразаюць гэтую сацыяльную дзяржаву».

Веру беларусаў у сацыяльную дзяржаву на савецкім падмурку ў адміністрацыі Лукашэнкі выхоўвалі 9 ідэолагаў. Пяцёра з іх мелі вайсковую адукацыю, а чацвёра паходзілі з Расеі. Ці будзе чыноўнік без вайсковага бэкграўнду прапагандаваць дэмакратыю і беларускасць? Уладзімір Мацкевіч, філосаф-метадолаг:

«Пры пэўнай змене палітычных умоваў яны схільныя і гатовыя перафарбавацца. Але пакуль такіх зменаў не назіраецца, таму навошта яму перафарбоўвацца? Ён будзе такім жа служакам, як быў некалі нібыта прагрэсіўны міністр культуры».

Зменаў у ідэалагічным курсе не чакае і Аляксандр Класкоўскі, бо, маўляў, любы ідэолаг у беларускім апараце – гэта не філосаф, а заўгас і наглядчык:

«І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Яны бегаюць, выбіваюць падпіску на дзяржаўныя медыі, на спартовыя спаборніцтвы, на культурныя імпрэзы – але каб там крамолы не было, каб нацыяналісты не надта павытыркаліся! Гэта хлопцы на пабягушках. Місія ў іх вельмі няўдзячная, а звышзадача – каб прагаласавалі як след на выбарах!»

Пасады ідэолагаў у мясцовых адміністрацыях, універсітэтах і на прадпрыемствах Лукашэнка ўвёў сваім указам 15 гадоў таму. Ці патрэбны на працы ідэолаг і ці ведаюць людзі, чым ён займаецца? Адказваюць менскія мінакі:

«Трэба спачатку вызначыцца з кірункам ідэалагічным. А затым, можа, сапраўды патрэбны. Некаторым пластам насельніцтва, я б сказала, вельмі патрэбны!»

«Ясная справа, што ён будзе дзеяць, сыходзячы з нейкага пункту гледжання, а кожны чалавек павінен атрымліваць усю інфармацыю з незалежных крыніцаў».

«Наш ідэолаг насамрэч нармальны чалавек. Ён ідэалогію не прасоўвае. Ён проста працуе і нікому галавы не дурыць».

Над чым працаваць – галоўнаму ідэолагу ўжо ўказаў Аляксандр Лукашэнка. Пакуль гэта не беларусізацыя, а «ідэалагічнае забеспячэнне ўборачнай кампаніі».

Аляксандр Папко, belsat.eu