Новы бізнес у ЗША: адбуксіроўваць электрасамакаты на штраф-стаянку


Імклівую папулярнасць у ЗША і краінах Еўропы набываюць электрасамакаты. Сучасны гарадскі транспарт дапамагае хутка і зручна дабрацца да неабходнай кропкі. Аднак за выгодамі і экалагічнасцю ўзнікла непрыемнасць: вялікая колькасць гэткага транспарту стала праблемай у амерыканскім Сан-Дыега. У выніку наспеў канфлікт паміж уладальнікамі тэхнікі і кампаніяй, якая вырашыла чысціць горад ад неахайна запаркаваных самакатаў.

Гэта пікап кампаніі «SCOOT SCOOP», яго ўладальнікі Джон і Дэн грузяць кінутыя ў межах Сан-Дыега электрасамакаты.

«Колькі ўсяго? Іранічна, але некалькі месяцаў таму мы адсвяткавалі наш 10-тысячны скутар. А цяпер, думаю, ужо каля 14 тысячаў. І гэта не ўлічваючы тых, што мы проста адбуксіроўваем з прыватных тэрыторыяў на тэрыторыю, якая належыць гораду, – там бяспечней», – распавядае Джон Гэйнкел, сузаснавальнік «SCOOT SCOOP».

Платны прыватны сэрвіс узнік стыхійна, калі адзін з уладальнікаў кавярні пажаліўся Дэну на самакаты, якія стаялі на ягонай прыватнай тэрыторыі. Паводле буксіроўшчыкаў, галоўная праблема ў тым, што шэрынгавыя кампаніі самыя заклікаюць пакідаць самакаты і не турбавацца.

Іхны галоўны лозунг гучыць так: «Вы можаце пакінуць яго дзе заўгодна!». А ў выніку заблакаваныя праходы, пандусы, агульная небяспека для пешаходаў, раварыстаў і людзей з інваліднасцю.

«Мы не хочам ператвараць гэта ў вайну, мы хочам убачыць суіснаванне. Мы хочам, каб самакат выжыў, мы хочам бачыць людзей, якія карыстаюцца імі», – кажа Дэн Барэлі, сузаснавальнік «SCOOT SCOOP».

Аднак не ўсім шэрынгавым кампаніям спадабалася ідэя буксіроўкі і платы за сэрвіс. Прыватнікі ўжо атрымалі некалькі позваў у суд на 40 тысячаў долараў. Аднак, падобна, пакуль закон на іхным баку, бо яны папросту выконваюць пажаданне ўласніка тэрыторыі і адбуксіроўваюць самакаты на штраф-стаянку, адкуль прапаноўваюць выкупіць іх уладальнікам. Таксама аўтараў новага сэрвісу падтрымліваюць мясцовыя жыхары.

«Ёсць людзі, якія падбягаюць і віншуюць нас, таксама нават даюць нам бясплатнай кавы-карты ў «Starbucks». А гэты хлопец учора атрымаў пацалунак», – гавораць Дэн і Джон, сузаснавальнікі «SCOOT SCOOP».

Што ж да нашай краіны, то пакуль падобных сэрвісаў буксіроўкі ў нас няма, а фіксуюцца толькі факты вандалізму або крадзяжу. Вядомай стала справа менскай бабулі, якая скрала пакінуты электрасамакат для ўнука. У выніку нават завялі крымінальную справу.

Красці электраскутар няма сэнсу, бо на борце маецца датчык GPS каардынатаў, кола аўтаматычна блакуецца, калі вы не аплочваеце праезду, а сам скутар пачынае пішчаць.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu