Чаму новага амбасадара РФ у Беларусі называлі «амбасадарам вайны»


Прадстаўляць Маскву ў Менску будзе «амбасадар раздору» Міхаіл Бабіч.

Аб прызначэнні Міхаіла Бабіча амбасадарам Расеі ў Беларусі чуткі хадзілі яшчэ два месяцы таму. І вось сёння, пасля двухдзённага перабывання Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, Уладзімір Пуцін акрэслівае сыну свайго колішняга начальніка ў КГБ, а цяпер новапрызначанаму дыпламату ягоныя функцыі:

«Вы будзеце займацца не толькі дыпламатычнаю працай, але і працаваць у сферы эканомікі, рэпрэзентоўваючы інтарэсы Расеі. На пасадзе спецпрадстаўніка я разлічваю ў тым ліку і на ваш досвед».

А досвед у Міхаіла Бабіча сапраўды багаты: 49-гадовы амбасадар служыў у ВДВ і войсках КГБ, быў віцэ-прэм’ерам Падмаскоўя ды Іванаўскай вобласці і нават паспеў папрацаваць кіраўніком ураду Чачэніі. Два гады таму Расея планавала прызначыць яго амбасадарам ва Украіне, аднак Кіеў не даў на гэта згоды: у 2014-ым Бабіч, або, як яго ахрысціла мясцовая прэса, – «амбасадар вайны», браў удзел у вынясенні рашэння аб уводзе ў Крым расейскіх вайскоўцаў. У «Рэспубліцы Белоруссія», як адзначаецца на сайце прэзідэнта Расеі, Бабіч будзе адказваць за гандлёва-эканамічныя дачыненні з нашай краінай у якасці адмысловага прадстаўніка Уладзіміра Пуціна.

«Спадзяемся, што гэты статус дазволіць новаму кіраўніку расейскай дыпламатычнай місіі больш эфектыўна і аператыўна развязваць комплекс пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, што вельмі важна для абедзвюх нашых краінаў», – адзначаюць у беларускім Міністэрстве замежных справаў.

У Расеі Бабіч запомніўся не толькі сваёй палітычнаю карʼерай, але і трапляннем у карупцыйныя скандалы. Падчас працы ў адміністрацыі Іванаўскай вобласці яго называлі «шэрым кардыналам». У Беларусі Бабіч заменіць 78-гадовага Аляксандра Сурыкава. Паводле адмыслоўцаў, новы амбасадар будзе выконваць перш за ўсё функцыю гэткага рэвізора.

«Мы памятаем пра харчовыя войны, цукровыя войны, пытанні кантрабанды, разбаўляльнікаў. Цяпер, напрыклад, узнікла пытанне рээкспарту нафтапрадуктаў. Хутчэй за ўсё, каб кантраляваць гэтыя плыні, каб разабрацца ў гэтай сітуацыі, Крэмль прызначае свайго чалавека», – падкрэслівае палітолаг Аляксандр Папко.

А раз чалавек свой, то і палітыку мусіць прасоўваць сваю, крамлёўскую.

«Усё ж такі Бабіч не вызначае расейскую палітыку, ён яе зрэалізоўвае. І тут трэба зразумець, што тут няма нейкай наўпроставай сувязі паміж асобаю амбасадара і палітыкаю Крамля насамрэч», – заўважае Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту «BELARUS SECURITY BLOG».

Аднак нягледзячы на гэта, Бабіч, падкрэслівае адмысловец, можа стаць куратарам пракрамлёўскіх фондаў, якія пашыраюць сферу ўплыву «рускага міру» ў Беларусі. Што праўда, як толькі ўзнікне патрэба абарваць гэткія кантакты, кажа Андрэй Паротнікаў, улады Беларусі не стануць з гэтым цягнуць.

Віталь Бабін, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Maxim Tumanov/TASS/ Forum