Аб'ектыў 18.10.2018 Новая стратэгія ўрада. Прадпрымальнікі больш не «вашывыя блохі»?


Была ўжо краіна для жыцця, абяцалі ІТ-краіну, а зараз будзе – краіна прадпрымальнікаў. Урад зацвердзіў стратэгію развіцця малога і сярэдняга бізнесу.

Адзінаццаць гадоў таму кіраўнік Беларусі абяцаў паціснуць руку апошняму прадпрымальніку, маўляў, усе яны – «вашывыя блохі». Цяпер жа на фоне нястачы фінансаў рыторыка крыху змянілася.

Яраслаў Раманчук, эканаміст:

«Расея не дае столькі грошай, спадзявацца на нафтавы грант таксама няма як. Таму трэба разнявольваць і лібералізоўваць прадпрымальніцтва».

Яраслаў Раманчук уваходзіў у працоўную групу, якая працавала над новаю стратэгіяй. На думку эканаміста, дакумент мае прарыўное значэнне. Яраслаў Раманчук, эканаміст:

«Гэта першы дакумент у гісторыі Беларусі, дзе гаворыцца пра неабходнасць пашырэння эканамічнай свабоды».

«Прызнана, што велізарны цяжар фіскальны. Трэба зніжаць падатковы цяжар. «Прыватызацыя» – там такога слова няма, але зноў «аддача», «перадача» актываў у рукі прыватнага бізнесу таксама ёсць».

Сярод пастулатаў стратэгіі «Беларусь – краіна паспяховага прадпрымальніцтва» да 2030 года:

– унёсак малога і сярэдняга бізнесу ў валавую дададзеную вартасць дасягне 50 %

– ВУП у 2030 годзе складзе $100 МЛРД

Агулам стратэгія прадугледжвае, што ўнёсак малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміку падвоіцца, а разам з тым мае падвоіцца і валавы ўнутраны прадукт – з сарака васьмі мільярдаў долараў у 2017-ым да ста мільярдаў долараў у 2030-ым.

Сярод пастулатаў стратэгіі «Беларусь – краіна паспяховага прадпрымальніцтва»:

– скарачэнне дзяржаўнага рэгулявання

– рэформа дзяржаўных прадпрыемстваў і перадача іх «больш эфектыўнаму ўласніку»

– роўныя ўмовы гаспадарання суб’ектам рознай формы ўласнасці

– фармаванне рацыянальнай фіскальнай палітыкі

– гарантыя правоў прыватнай уласнасці

– пашырэнне доступу да грашовага падтрымання

Стратэгія падзеленая на падрыхтоўчы этап (да канца 2020 года), і асноўны. Найперш плануюць, цытата, «удасканаліць інстытуцыйную базу і інфраструктуру», а потым з дапамогаю дзяржавы стварыць канкурэнтаздольны прадпрымальніцкі сектар эканомікі.

Індывідуальныя прадпрымальнікі, Гомель:

«Мала людзей па рынку ходзяць, заробкі маленькія».

«Няма людзей, мы сядзім проста так, плацім падаткі, у людзей няма заробку».

«У людзей няма грошай, у нас няма грошай. Вось і ўсё!»

Гомельскі рынак пусцее, і прычынаю таму – збядненне насельніцтва, сведчаць мясцовыя прадаўцы. Зрэшты, і колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў апошнімі гадамі зніжаецца. Напрыклад, за 2015 і 2016 гады агулам колькасць ІП у Беларусі зменшылася амаль на 13 тысячаў.

Паводле прадпрымальнікаў, вінаватыя – створаныя дзяржаваю неспрыяльныя ўмовы працы, з якімі ІП спрабавалі змагацца. Ладзілі страйкі, мітынгі, перадавалі петыцыі. Між тым, ніякіх прапановаў ІП у свежапрынятай стратэгіі не ўлічылі, а дакумент мае тэарэтычны змест без канкрэтыкі, мяркуе кіраўнік рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка:

«Чыноўнікі сёння адарваныя ад народу проста катастрафічна, яны не ведаюць канкрэтна, чым мы жывем. І ў той самы час яны пішуць для нас стратэгію, у той час як мы проста на мяжы знікнення, прадпрымальнікі рознічнага гандлю. Калі нас знішчаюць, яны пішуць, як здзекліва гучыць: да 2030-га года стратэгія… Ды нам тут 2 гады засталося, ІП рознічнага гандлю!»

Анатоль Шумчанка падкрэсліў, што ІП у сферы рознічнага гандлю ў стратэгіі ўвогуле праігнаравалі. «Перспектыва» распрацуе ўласную дарожную мапу развіцця прадпрымальніцтва і будзе дамагацца яе рэалізацыі.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары