Новая надзея беларускага тэнісу?


Беларуская тэнісістка Вера Лапко, якая распачала свой выступ у юніёрскіх турнірах «Вялікага шлема» з адкрытага чэмпіянату ЗША яшчэ ў 2014-м, упершыню дала рады прабіцца ў фінал асабістых спаборніцтваў самай прэстыжнай серыі ў вялікім тэнісе.

Удзельніца нацыянальнай зборнай Беларусі зрабіла крок наперад у карʼеры на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. У 1/4-й нашая дзяўчына перагуляла расейку Анну Калінскую ў трох сэтах, а ў паўфінале была мацнейшаю за гаспадыню корту – Сэру Томік, якая вышэй у рэйтынгу за Веру на 81 пазіцыю.

У вызначальным двубоі 17-цігадовая беларуска сустрэнецца з Тэрэзаю Мігалікавай, якая рэпрэзентуе Славаччыну і стаіць у сусветным табелі аб рангах ніжэй на 30 пазіцыяў, але сеяная тут другою. Лапко ж – пятая ракетка турніру. А ў мужчынскай сетцы другім фіналістам стаў алімпійскі чэмпіён Эндзі Мары з Вялікай Брытаніі. Нарадзінец Шатландыі, сеяны тут пад нумарам 2, выгуляў бой у 13-й ракеткі турніру, Мілаша Раўныча з Канады, толькі ў пяці сэтах. Леташні фінал Мельбурна паўтараецца.

Алесь Пуціла, Белсат