Новая Канстытуцыя без Лукашэнкі


23 жніўня Аляксандр Лукашэнка бегаў з аўтаматам і ўзброеным сынам Колем, каб даказаць, што не баіцца. А калі амерыканцы з космасу пабачылі ягоны верталёт, то даслалі сігнал у Варшаву спыніць акцыю пратэсту. Гэта не сатыра, гэта словы самога Лукашэнкі.

«АМАП выратаваў нас ад бліцкрыгу. У іх была задача 9, 10 жніўня задавіць, захапіць дзяржаўныя ўстановы ды іншае», – вяшчаў Лукашэнка перад расейцамі.

Гэта фрагменты інтэрвʼю расейскім сродкам масавай інфармацыі, апублікаванага сёння. Аляксандр Лукашэнка там кажа, што перадухіліў буржуазную рэвалюцыю:

«У нас з‘явіліся буржуйчыкі, зʼявіліся багатыя людзі, зʼявіліся айцішнікі, якіх я стварыў вось гэтымі ручышчамі».

АМАП і міліцыю трэба прабачыць за «перагібы», а катаванняў насамрэч не было, гэта інсцэнаванне, кажа Лукашэнка:

«У Акрэсціна трапілі уркі. Іх паказвалі. Па 12 раз асуджаныя».

А каб супакоіць народ, Лукашэнка выступае за прысутнасць партыйнай апазіцыі ды рыхтуе рэформу Канстытуцыі. Толькі не адразу, а праз пару год-другі.

«Калі мы будзем мяняць Канстытуцыю, мы ў Канстытуцыі мусім прапісаць выбары прэзідэнта. Але асобна – каб правесці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары», – заявіў Лукашэнка кіраўнікам расейскіх СМІ.

Працу над праектам Канстытуцыі чыноўнікі Лукашэнкі вялі і раней, нагадвае Уладзімір Мацкевіч. Але цяпер гэта толькі спосаб выгадаць час:

«Лукашэнку трэба адцягнуць увагу ад таго, што ён ужо нелегітымны прэзідэнт, што выбары, якія адбыліся, несапраўдныя, і думаю, што ў яго цяпер нічога не атрымаецца. Хоць на гэта яго падбухторваюць таксама з Расеі».

Гэтаксама лічаць і чальцы Грамадскай Канстытуцыйнай камісіі. Палітыкі, грамадскія дзеячы ды юрысты рыхтуюць новы праект Асноўнага закону на падставе Канстытуцыі 1994 года – для грамадскага абмеркавання.

«Мы можам першым крокам вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года. Пасля гэтага, калі на аснове гэтай Канстытуцыі пройдуць выбары легітымнага парламенту, Вярхоўнага савету, тады можна вынесці на рэферэндум удасканаленую Канстытуцыю, і тут нашая праца была б дарэчы», – кажа Анатоль Лябедзька, дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог».

Канстытуцыя 1994 года была даволі дэмакратычнай у параўнанні з тым законам, які прынялі пасля рэферэндуму 1996 года. Тады ўся ўлада была завязаная на прэзідэнта, а ягоныя паўнамоцтвы зрабіліся практычна неабмежаванымі.

«З улікам таго, што гэтыя папраўкі былі незаконныя, сумнеўныя паводле сваіх вынікаў, пэўнасці, я лічу, што ў нас застаецца дзейнаю першасная рэдакцыя Канстытуцыі 1994 года», – лічыць Міхаіл Пастухоў, былы суддзя Канстытуцыйнага суда першага складу.

Таму грамадская камісія лічыць, што трэба вярнуцца да ранейшага варыянту закону, правесці прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, а потым праводзіць рэформу пасля шырокай дыскусіі. Уладзімір Мацкевіч лічыць гэты план наіўным рамантызмам.

«Паводле Канстытуцыі 1994 года Лукашэнка прыйшоў да ўлады, і менавіта яна дала яму магчымасць усталяваць дыктатуру. Таму нам патрэбна поўнае пераўсталяванне дзяржавы. Патрэбны Устаноўчы Сход, структура, выпрацаваная ўсёй гістарычнай практыкай для змены дзяржаўнага ладу», – кажа Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг.

Ва Устаноўчы Сход, як тлумачыць Уладзімір Мацкевіч, мусяць уваходзіць дэлегаты, шырока абраныя народам, і толькі ён мае права распрацаваць і прапанаваць на ўсенародны рэферэндум новы варыянт Канстытуцыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»