Новая будоўля ў заказніку «Лебядзіны»: яшчэ адзін рэстаран для сябра Лукашэнкі?


У заказніку Лебядзіны, што месціцца на ўскрайку Менску, зноў з’явілася будаўнічая тэхніка ды зашумелі бензапілы. Ці не пабудуюць у ахоўнай зоне яшчэ адну рэстарацыю для сяброў Лукашэнкі або элітны жылы комплекс?

Уздоўж вадаёму ў заказніку Лебядзіны нельга, між іншага, ані ставіць аўта, ані нішчыць расліннасць, але і тое, і другое сёння там робяць. Жыхары дамоў, размешчаных побач з ахоўнай зонай, паведамілі ў сацыяльных сетках, што на беразе вадаёму зразаюць дрэвы і праклалі бетонную дарогу.

Працаўнікі прадпрыемства «Днепра-Бугскі водны шлях» у адзін голас цвердзяць, што не распачынаюць тут будаўніцтва, а збіраюць адмысловы землечарпальны карабель, каб чысціць вадаём:

«Адбываецца зборка земснараду для правядзення працаў па ачыстцы сажалкі».

«Не, гэта не будоўля, гэта каб добраўпарадкаваць гэтую сажалку».

Працаўнікі паведамілі, што чысціць вадаём пачнуць на наступным тыдні. Дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі неабходнасці ў працах не бачыць, але адзначае, што дзеянні былі ўзгодненыя з Акадэміяй навук.

«Зразумела, што для рэстарана, для жылых кварталаў, якія там ёсць, больш цікава, калі сажалка будзе чыстая, і не будзе там шмат ні насякомых, ні птушак. Але, канечне, для заказніку, для дзікай прыроды, чым менш мы ўлазім у гэтыя натуральныя працэсы, тым лепей», – адзначае Аляксандр Вінчэўскі.

Жыхары раёну, з якімі ўдалося паразмаўляць нашым журналістам, пра ачышчэнне вадаёму не ведаюць:

«Я, шчыра кажучы, не ведаю, што яго чысцяць».

«Я не ў курсе, не ўдакладняў, не займаўся гэтым пытаннем».

«Калі чысцяць для будовы, і шмат высякаюць дрэваў, і навакольнае асяроддзе знішчаюць – то я супраць, а калі для таго, каб захаваць – то гэта здорава».

Трывога жыхароў наконт новага будаўніцтва абгрунтаваная, бо з іншага боку вадаёму на беразе ўжо пабудавала рэстарацыю кампанія «Тапас», якой кіруе Павел Белы, сябар Аляксандра Лукашэнкі ды гулец ягонай хакейнай каманды. Прычым будова пачалася год таму, тэрыторыю Менгарвыканкам вылучыў паўгода таму, а грамадскія слуханні, без якіх нельга было распачынаць працы, адбыліся толькі сёлета ў верасні.

Увогуле ж межы заказніку Лебядзіны змянялі ўжо некалькі разоў, агулам плошча ахоўнай тэрыторыі цягам 5 гадоў зменшылася больш чым на дзесяць гектараў.

«Яго тэрыторыя змяншаецца, колькасць відаў змяншаецца, рэдкія птушкі там амаль ужо не сустракаюцца, і яго забудоўваюць, заказнік знішчаецца практычна», – кажа Аляксандр Вінчэўскі.

Калі гэты заказнік знішчаць, то гэта паставіць пад пагрозу і іншыя зялёныя тэрыторыі ў горадзе і ў краіне, цікавыя забудоўнікам. Таму Аляксандр Вінчэўскі заклікае грамадскасць пісаць лісты і падпісваць петыцыі дзеля абароны заказніку.

Ірына Дарафейчук belsat.eu