Новая атмасфера жаночых маршаў – затрыманні


Ужо традыцыйна на вуліцах Менску адбываецца суботні жаночы марш пратэсту. Разгоны за разгонамі, затрыманні за затрыманнямі, але жанчыны працягваюць свой шлях.

«Давайце выпусцім палітычных вязняў і правядзем новыя, чэсныя выбары».

«Нам трэба здабыць перамогу над фашыстамі – на жаль, сваймі».

«Нельга красці людзей, проста нельга. Нельга, нельга гэтага рабіць, разумееце?»

Ужо тры затрыманні адбыліся падчас маршу. Першае – каля Камароўкі, другое – каля рэстарану «Лідо» на плошчы Якуба Коласа, трэцяе адбываецца проста цяпер на праспекце Незалежнасці.

«Я насамрэч не баюся. Мне падаецца, ужо няма чаго баяцца. Калі людзі хочуць пераменаў, то трэба выходзіць і адстойваць сваю пазіцыю».

«Я іх не баюся. Вы ведаеце, я сёння пяць дзяўчат адбіла вось там вось, каля Інстытуту культуры. Я вось так рукі расстаўляла. Амапаўцы вядуць дзвюх дзяўчат. Я рукі расставіла і кажу: «Гэта мае вучаніцы».

«Дзяўчаты, толькі што да вас падышлі сілавікі. Чаму не пабаяліся? Чаму працягваеце сядзець?»

«Мы п’ём каву».

«Я ў сваім горадзе. Чаму я не магу тут сядзець? Што мне пагражае тут? Нічога. Акрамя іх, мне нічога тут не пагражае».

А проста цяпер, спадарства, вы назіраеце гульню ў хованкі між сілавікамі і народам.

«Што скажаце пра дзяўчат, якія сёння сабраліся?» – «Ну, малайцы, яны мужныя, не баяцца. Раней іх хаця б не затрымлівалі. Цяпер бачна, што амапаўцы ўжо пачынаюць іх жорстка затрымліваць».

«Гэта іхная ініцыятыва, малайцы, што можна сказаць. Класныя дзяўчаткі».

На момант рыхтавання матэрыялу вядома пра амаль 80 затрыманых. З іх шасцёра журналістаў. Чатырох журналістак выпусцілі.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»