Новае ў працы беларусаў: рост пенсійнага ўзросту і мужчынскі дэкрэтны


Новы год прынясе беларусам шмат зменаў у эканамічным і сацыяльным плане. Дэкрэтны адпачынак для мужчынаў, дадатковая праца для жанчын з малымі дзецьмі ды планавы рост пенсійнага ўзросту.

У новы год – з новымі зменамі. У 2020-м нас чакае планавае падвышэнне пенсійнага ўзросту і страхавога стажу. А з 28 студзеня пачнём працаваць паводле новага Працоўнага Кодэксу.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Згодна з ім, мужчыны атрымаюць права на неаплатны 14-дзённы адпачынак, якім змогуць скарыстацца цягам 6 месяцаў з нараджэння дзіцяці. А жанчыны, якія маюць дзяцей да 3 гадоў, змогуць выязджаць у камандзіроўкі, працаваць у выходныя і святы.

«Для тых жанчын, якія хацелі б ездзіць у камандзіроўкі і падпрацоўваць, – гэта, безумоўна, плюс. З іншага боку, так, я не выключаю такога варыянту, што працадаўца, будучы з больш развязанымі рукамі, зможа недзе з гэтага скарыстацца», – каментуе змену Наталля Рабава, дырэктарка SYMPA.

Паводле новай рэдакцыі кодэксу, пра істотныя змены працы работніку мусяць паведаміць не за 7 дзён, як цяпер, а за 30. А калі працаўнік са зменамі не згодны і пастановіць звольніцца, то ён мае права на грашовую дапамогу памерам з месячны заробак, а не двухтыднёвы, як раней.

Пра пасобіе нам распавяла Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC:

«Па сутнасці, яно бескарыснае. І мы гэта бачым у тым, якая нізкая колькасць людзей, якія па яго звяртаюцца. Падвышэнне ў два разы, мне падаецца, недастаткова, каб дапамога рэальна запрацавала».

З’явіцца ў новай рэдакцыі кодэксу такі панятак, як дыстанцыйная праца. На аддаленых работнікаў будуць распаўсюджвацца тыя ж нормы працягласці працоўнага дня і адпачынку, як і для тых, хто не працуе дыстанцыйна.

«Гэта папросту фіксуе тое становішча справаў, што ўжо існуе шмат гадоў. Людзі працуюць шмат гадоў, а такое паняцце ўвялі ў кодэкс толькі цяпер. То бок яно папросту даганяе жыццё, так сказаць. Гэта ніякай карысці і бенефітаў дадатковых ніякіх не дае», – падзялілася Наталля Рабава, дырэктарка SYMPA.

Апроч таго, з новага года нас чакаюць некаторыя планавыя змены, як, напрыклад, павышэнне пенсійнага ўзросту: мужчынам – да 62 гадоў, жанчынам – да 57. Кожны год будзе дадавацца па паўгода, пакуль у 2022-ім пенсійны ўзрост для мужчынаў не дасягне 63, а для жанчын 58 гадоў.

Вось што пра пенсійную рэформу думаюць жыхары Менску:

«Стаўлюся адмоўна, бо дзяржава вырашае свае эканамічныя праблемы, якія стварыла за кошт людзей».

«У сувязі з тым, што я ўжо 11 гадоў на пенсіі, я папросту спачуваю тым людзям, якія павінныя будуць пасля 60 дапрацоўваць на пенсію».

«Вельмі цяжка працаваць, калі ўжо ўзрост і ўвогуле. Ну, калі трэба – што зробіш? Будзем працаваць».

Планава павышаюць і мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі. З 2020-га ён будзе складаць 17,5 гадоў. Рост скончыцца ў 2025-м, пакуль гэтая лічба не дасягне 20 гадоў. Беларусы, якія не выпрацавалі страхавога стажу, трапілі ў гэтак званую пенсійную пастку: яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, а толькі на сацыяльную. Цяпер яна складае 115 рублёў.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu