Новае спагнанне нашаму калегу: Любянчук вінаваты ў лаянцы




Штраф памерам 575 рублёў за журналісцкую працу. Суд Першамайскага раёну сталіцы вынес рашэнне па справе аператара тэлеканалу «Белсат» Алеся Любенчука.

Пакаранне за нібыта дробнае хуліганства прысудзілі на падставе сведчанняў міліцыянтаў. Назіральнікі за працэсам цвердзяць, што ніякіх доказаў віны журналіста ў судзе не прадставілі. Ян Бабіцкі.

Не памяталі дэталяў здарэння, а нават не зарэгістравалі рапарт аб правапарушэнні ў адзінай кнізе. Хібы міліцыі не сталіся падставаю да апраўдання аператара «Белсату» Алеся Любенчука. Недахопы працэсу не перашкодзілі суддзі Юрыю Гарбатоўскаму прысудзіць яму пяцьсот семдзесят пяць рублёў штрафу.

Алеся Любенчука затрымалі 31 сакавіка падчас ператрусу ў адным з менскіх офісаў тэлеканалу. Яго адвезлі ў Першамайскі РУУС, дзе склалі пратакол паводле артыкулу «Дробнае хуліганства», нібыта за нецэнзурную лаянку. Аднак, паводле назіральнікаў за працэсам, доказаў правапарушэння ў судзе не было.

Сённяшняе рашэнне суда – гэта працяг ціску на нашых журналістаў, якія актыўна асвятлялі маршы абураных беларусаў у Менску і рэгіёнах. 27 сакавіка суд Маскоўскага раёну сталіцы адправіў на пятнаццаць содняў пад арышт журналіста «Белсату» Аляксандра Баразенку. Пратакол склалі таксама паводле артыкулу «Дробнае хуліганства». Суддзя Таццяна Матыль вынесла судовае рашэнне выключна на падставе сведчанняў працаўнікоў АМАПу.

Раней буйны штраф памерам шэсцьсот дзевяноста рублёў атрымала нашая журналістка Кацярына Андрэева за асвятленне акцыі ў Воршы 12 сакавіка. Днямі на яе склалі яшчэ адзін пратакол.

Агульная сума штрафаў гомельскай працаўніцы «Белсату» Ларысе Шчыраковай наблізілася да двух тысячаў долараў. Апроч фінансавых пакаранняў, журналістцы пагражаюць адабраць сына.

Усцяж невядома, які фінал чакае апошні інцыдэнт з «Белсатам». 31 сакавіка з менскіх офісаў тэлеканалу міліцыя сканфіскавала неабходную для працы тэхніку. Фармальнаю падставаю ператрусаў стала нібыта незаконнае выкарыстанне «Белсатам» таварнага знаку. Тое, што справа мае палітычны характар, у незалежных журналістаў не выклікае сумневу.

Спрэчкі паміж нашым тэлеканалам і ўладальнікам беларускай фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем Беляковым цягнуцца не першы год. Бізнесовец цвердзіць: тэлебачанне, якое тарнслюе з тэрыторыі Польшчы, пагражае ягоным бізнесовым інтарэсам. Аднак вядома і тое, што фірму Белякова зарэгістравалі пасля таго, як у медыях шырока разышлася інфармацыя аб стварэнні «Белстату».

Ян Бабіцкі, «Белсат»