Новае самагубства. 30-гадовая маці скончыла з жыццём, калі сацыяльная апека адабрала дзяцей


Ужо другі вядомы суіцыд толькі за гэты месяц у Беларусі пасля вымання дзяцей з сям’і. 5 лютага не вытрымала 32-гадовая маці траіх дзяцей з Гомельшчыны. 7 лютага засілілася 30-гадовая маці 4 дзяцей з Гарадзеншчыны. Са сваякамі памерлай паразмаўляла Вольга Чайчыц.

Чарговая ахвяра сістэмы сацыяльнай апекі. Таццяна Боўшыс скончыла жыццё самагубствам пасля таго, як сацыяльныя службы забралі ейных 4 дзяцей у прытулак.

Трагедыя здарылася ў вёсцы Вайкунцы Воранаўскага раёну 7 лютага. Дзяцей забралі за антысанітарыю. Увечары Таццяну знайшлі ў пятлі. Андрэй Боўшыс, муж памерлай Таццяны:

«…Адкрыў дзверы, там вісела жонка. Я яе прыпадняў, каб зняць з пятлі, крыкнуў бацьку прынесці нож. Бацька прынёс нож, мы перарэзалі пятлю, знялі вяроўку з шыі. Спрабаваў рабіць штучнае дыханне, адначасова выклікаў хуткую».

Выратаваць 30-гадовую жанчыну не ўдалося. Сямʼю паставілі на ўлік як тую, якая перабывае ў сацыяльна небяспечным стане, яшчэ ў 2014 годзе. З таго часу зачасцілі правяранні. Валянціна Накладовіч, сястра Андрэя:

«І мама яшчэ як была жывая, казала: Божа, як гэтыя праверкі мяне ўжо задзяўблі, то пажарнікі, то праверка едзе, то сацыяльная едзе. Толькі ездзілі і ездзілі. А гэтая мне ў канцы сказала: Валя, я не вытрымліваю. Я не магу, я сама не ведаю, што з сабою зраблю».

У школе не пад запіс нам распавялі, што дзеці ветлівыя і добра вучыліся. Але адразу ж пасля смерці Таццяны дырэктарка школы ў «Воранаўскай газеце» апісала сямʼю як крытычна нядобранадзейную. Артыкул абурыў мясцовых жыхароў, якія кажуць, што дырэктарка і была ініцыятаркаю адымання дзяцей.

Мясцовыя жыхары:

«Яна прыляцела, хоць скарэй. «Ніякіх зрухаў. Забірайце». А якія яна хоча зрухі? На працы кожны дзень. То дай машыну і памажы. І на працу трэба, і дзяцей у хаце трэба. І парадак трэба каб быў. Гэта ж не ў горадзе, што прыйшоў, памыўся і сядзі. І ў хаце яшчэ цэлая ферма. Каровы, свінні, конь, качкі, куры, гусі. Усё гэта ўлады вінаватыя».

«Каб за гэтае ўсё адказалі кіраўнікі вышэйшыя, якія населі на іх. А пра сямʼю я нічога кепскага сказаць не магу. Яны не хадзілі, не бедавалі, не прасілі есці, і што яны ў газеце апісваюць, што яны хадзілі брудна апранутыя, у парваных пальцішках, і пальцішкі не адпавядалі сезону – не праўда!!!»

«Тры каровы ў хаце. Людзі на ферме робяць дзень і ноч. Калі ім посуд памыць? Не так падлога памытая, хай прыедуць памыюць. А не дзяцей забіраюць. Пасадзілі б, завезлі, закадавалі! Яна прасілася, стаяла прасіла, каб не забіралі. А яны забралі. Хацелі пастрашыць, каго яны пастрашылі? Каго?!! Дзяцей зараз куды? Няма ні маткі, нічога. Што бацьку рабіць, за маткаю ісці?»

У школе патрабавалі, каб сямʼя пераехала ў новую кватэру, якую ў снежні ім выдалі як шматдзетнай у Воранаве. Але не ставала грошаў, каб набыць мэблю. Андрэй Боўшыс, муж памерлай Таццяны:

«Мы паціху пачалі ўладкоўвацца, завезлі секцыю, праз рэкламку мэблю знайшлі. Прадалі карову, цяля і хацелі на гэтыя грошы перавезці туды мэблю і перавезці дзяцей. Але так выйшла, што жонкі не стала».

Двое з дзяцей цяпер у прытулку, двое – у шпіталі. Андрэй іх наведвае кожны дзень. Сацыяльныя службы абяцаюць, што дзяцей аддадуць, калі Андрэй знойдзе працу ў Воранаве і давядзе да ладу кватэру, каб туды можна было засяліць дзяцей. Андрэй Боўшыс, муж памерлай Таццяны:

«Грошай у мяне не вельмі так хапае. Але крыху яшчэ засталося. Шмат грошай сышло на пахаванне жонкі».

Андрэй працуе жывёлаводам за 350–400 рублёў. Зараз з яго будуць паступова спаганяць за гэтак званае «дзяржаўнае забеспячэнне» у прытулку каля 800 рублёў на месяц.

«Зараз буду адзін старацца, чым хутчэй перавезці сюды мэблю. Забраць дзяцей і жыць дзеля дзяцей», – кажа муж памерлай Таццяны.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu

 

Рэквізіты карткі:

Андрей Бовшис

Карта Белкарт. Белагропромбанк

9112 1100 2951 2111

До 04/19

Hавiны
Ці ў вас могуць забраць дзіця? Прайдзіце наш ТЭСТ!
2017.12.15 06:32
Гарачы каментар
Наведванні службы сацыяльнай апекі давялі шматдзетную маму да самагубства
2019.02.14 21:47