Аб'ектыў 18.10.2019 Ноч фітнесу ў Менску: усіх ахвотных інструктавалі алімпійцы


Па прыкладзе міжнародных праектаў Ноч музеяў і Ноч бібліятэк у Менску правялі Ноч фітнесу. Бясплатна патрэнавацца наведнікі маглі ажно ў 50 спартовых клубах сталіцы. Ды ні ў абы каго, а ў сусветна вядомых спартоўцаў.

Алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя праводзіць інструктаж у сталічным аквапарку «Фрыстайл». Не для спартоўцаў і нават не для тых, хто плануе будаваць спартовую кар’еру.

«Хочацца паспрабаваць, што такое плаванне, сапраўды ў прафесійным плане. Дзіця займаецца плаваннем некалькі гадоў, і мне стала сорамна перад ім, чаму мама не ўмее плаваць так добра, як яно», – распавядае нам наведніца майстар-класу Алена Пачэпка.

Трэнаванне цалкам бясплатнае. Усё ў межах гэтак званай Ночы фітнесу «YoPRO», зарганізаванай кампаніяй «Danone» пры падтрыманні Міністэрства спорту і турызму. Напярэдадні 50 спартовых абʼектаў у Менску адчынілі свае дзверы для вольнага наведання пасля 18:00.

«Кожны можа, гэта прыродаю закладзена ўмець плаваць, нават калі б вы думалі, што ён зусім ніякі, «сякера», як у нас кажуць, – не, можна навучыць», – кажа з усмешкай Аляксандра Герасіменя.

Тым часам зусім у іншым месцы гораду – у фітнес-цэнтры «Dvor» – свае заняткі праводзіла яшчэ адна алімпійская прызёрка, гімнастка Ксенія Санковіч:

«Наагул прыемна, калі ты нешта паказваеш, дзелішся тым, чым ты займаўся ўсё жыццё, і людзі з цікаўнасцю глядзяць, паўтараюць, стараюцца».

Паводле сёлетняй статыстыкі Белстату, кожны чацвёрты жыхар нашае краіны, старэйшы за 16 гадоў, займаецца фізічнаю культурай і спортам.

Найбольш актыўная моладзь: трэнуецца амаль кожны другі, маладзейшы за 30 гадоў. Найменш актыўныя асобы ва ўзросце ад 50 да 59 гадоў – трэнуецца кожны пяты.

Найбольш фізкультурай займаюцца жыхары сталіцы – амаль 44%. І пераважна гэта жанчыны.

«Паказала 8 хвілінаў, прастаяла ў планцы ва ўпоры. Прастаяла 8 хвілінаў, атрымалася, ёсць нейкая мінімальная фізічная падрыхтоўка», – дзеліцца з намі сваймі ўражаннямі Таццяна Сіўрук, якая выйграла адзін з конкурсаў на Ночы фітнесу.

Каб павялічыць колькасць ахвотных да трэнавання, акурат і патрэбныя такія імпрэзы, як Ноч фітнесу, кажуць удзельнікі.

«Класнае мерапрыемства з пункту гледжання таго, што любы чалавек можа прыйсці і паспрабаваць сябе ў нечым новым. Бо ён нават не можа зразумець, падабаецца яму cross-fit або не, падабаюцца яму танцы або не», – адзначае харэограф Дзмітрый Багачэнка.

«Людзі замест таго, каб пайсці ўвечары папіць піва, ідуць разам увечары на прабежку. Мне падаецца, выдатна, і чым больш такіх людзей будзе, тым лепш будзе для краіны ў прынцыпе», – падсумоўвае ўладальнік спартовае залы «Dvor» Канстанцін Пруднікаў.

Раскрыць перавагі супольнага трэнавання было адною з мэтаў Ночы фітнесу. Цяпер, паводле статыстыкі, арганізаваным заняткам аддае перавагу толькі чвэрць з тых, хто займаецца спортам.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары