«Ніхто не гатовы». Замест дыстанцыйнага навучання працягнулі вакацыі


Вясновыя вакацыі зноў працягнулі на 6 дзён – да 18 красавіка ўключна. Чацвёртая, заключная, чвэрць будзе доўжыцца ўсяго 6 тыдняў.

Сямʼя Бярозкіных дачок-трэцякласніц навучае самастойна – пры падтрыманні настаўніка.

«Настаўніца падчас вакацый скідае розную інфармацыю па адукацыйным працэсе, свае планы. Ну, вядома, не ўсе, а нейкія пункты, на якія варта звярнуць увагу», – расказвае бацька школьніц Аляксей Бярозкін.

Яшчэ да інфармацыі аб працягу канікул школы атрымалі ліст з указаннем арганізаваць дыстанцыйнае навучанне на платформе Moodle. Але з першага ж дня працаваць з гэтай сістэмай было праблематычна, і пытанне дыстанцыйнага навучання павісла ў паветры. Гэта спрычыніла цяжкасці для выпускнікоў, якія рыхтуюцца да іспытаў.

Вучаніца 11 класу Ніка Бандарэнка кажа:

«Гэтыя прадметы мы цяпер рыхтуем самастойна, так як вакацыі працягнулі. Зразумела, што ўрокаў не будзе, аднак дырэктар гатовы займацца з намі ў пазаўрочны час, падрыхтоўваць нас да іспытаў. Думаю, таксама паступяць астатнія настаўнікі: па беларускай мове, па рускай і па абавязковых экзаменацыйных прадметах».

Сябра Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў кажа, што інфарматызацыя беларускай адукацыі пачалася больш за 20 гадоў таму. За гэты час распрацавалі не менш як чатыры нацыянальныя праграмы развіцця электроннага навучання ў школах.

«Міністэрства адукацыі рапартавала аб тым, што ў нас і доступ ёсць у школах да інтэрнэту, і што добра падрыхтаваныя да гэтага выкладчыкі, што ў іх там то 70, то 80 адсоткаў выкладчыкаў гатовыя выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Але вось зараз момант ісціны надышоў, і высветлілася, што ніхто не гатовы, кантэнту нацыянальнага няма», – каментуе Уладзімір Дунаеў.

Выратаваннем, паводле адмыслоўца, мог бы стаць досвед Эстоніі, якая паспяхова ўвяла электроннае навучанне.

«Калі мы аналізуем досвед Эстоніі, то, па сутнасці, галоўнай умовай поспеху была аўтаномія навучальных устаноў і акадэмічная свабода, забяспечаная выкладчыку. У нас у школе, ва ўніверсітэце ніхто не гатовы да таго, каб гэтую аўтаномію прыняць», – кажа Уладзімір Дунаеў.

Яшчэ адна перашкода да электроннай адукацыі – адсутнасць прававой базы. У Кодэксе аб адукацыі панятку «дыстанцыйная адукацыя» няма. Што ж можна зрабіць у сітуацыі, калі дзеці фактычна пазбаўленыя магчымасці вучыцца? Адказвае настаўніца, магістр тэхнічных навук Аксана Акуневіч:

«Тры чвэрці дзеці адвучыліся, па трох чвэрцях – атэставаць дзяцей. Я не кажу пра выпускныя класы, я зараз кажу пра звычайныя шараговыя класы, 1–8, у якіх нічога не змянілася. Давучацца яны ў наступным годзе».

Як быць з выпускнымі класамі?

«Магчымасць для нашага міністэрства, для нашых універсітэтаў і каледжаў – прыняць усіх жадаючых і адсеяць па выніках першага семестра. У Чэхіі зусім няма экзаменаў», – кажа Аксана Акуневіч.

З панядзелка педуніверсітэт праз YouTube праводзіць урокі для вучняў першых – адзінаццатых класаў. Гэта адна са спробаў Міністэрства адукацыі вярнуць школьнікаў да вучобы падчас складанай сітуацыі ў краіне: калі афіцыйнага каранціну няма, а ахвотных ізаляваць дзяцей – шмат.

Алена Дубовік, «Белсат»