Аб'ектыў 14.01.2018 «Ніхто не дапамагае». Як жывуць самотныя пенсіянеры на Віцебшчыне


Каляды – час, калі чакаеш цудаў і пакідаць адзін аднаго нельга, асабліва дзетак ды састарэлых людзей. Вернікі віцебскай хрысціянскай евангельскай царквы «Новае жыццё» на Стары Новы год наведалі самотных пенсіянераў аддаленай вёскі Віцебшчыны. Таксама з падарункамі і святочнымі песнямі прыехалі да выхаванцаў Сенненскай школы-інтэрнату.

Вёска Глебаўск, што на Віцебшчыне, як і тысячы іншых беларускіх сёлаў знікае. Жыхаркі некалі немалой вёскі цяпер толькі чатыры жанчыны, самай малодшай з іх улетку будзе 80 гадоў, а старэйшай ужо 95.

«Старшыня сельсавету хоць бы прыехаў. Запытаў бы, як вы, жанчыны? Ці ёсць вам печы тапіць? Ці ёсць у вас дроў? Можа, у вас печка бурыцца? А мы не ведаем, за каго нават галасаваць. Нават старшыню таго не ведаем», – жыхарка вёскі Глебаўск Яўгенія Ракіціна.

Адпрацаваўшы на дзяржаву ўсё жыццё, пенсіянеры цяпер ёй не патрэбныя.

Каб суцешыць старых і не пакідаць самых у святы, вернікі віцебскай пратэстанцкай царквы прыехалі да іх, каб падтрымаць словам, малітвай ды проста падзяліцца радасцю Раства.

Бог малітвы выслухае, але ці пачуюць старых мясцовыя начальнікі? Не раз пенсіянеры звярталіся па дапамогу, а ў адказ – бяздзейнасць чыноўнікаў.

«Ніхто не дапамагае. У мяне было, вунь, святло прапала. «Шукайце электрыка». А дзе той электрык? У нас яго наагул няма. Наша хатняя справа, у Сяно патэлефанавала, адмовілі. Дык добра, што Жора Янінін мне дапамог, пайшла да яго і ён мне тут направіў святло. А так сядзі баба ў цемры», – распавядае Яўгенія Ракіціна.

Папярэднія 18 гадоў спадарыня Яўгенія зімавала ў горадзе ў дачкі. Кажа, што сёлета не так марозна, а па-другое, у суседкі Яніны памёр муж, таму вырашыла быць побач.

«Косця быў, хоць адзін мужчына. Калі дзеці мае прыедуць – Генка, Воўка. Вады прывязуць, бульбу дастануць з пограбу ў зімку. А вясной агарод запахваць. Пакуль яшчэ ногі ходзяць», – адзначае жыхарка вёскі Яніна Стук.

З віншаваннямі і падарункамі пратэстанцкія вернікі царквы «Новае жыццё» даехалі не толькі да жыхарак «забытай» вёскі, але і да выхаванцаў і настаўнікаў Сенненскай школы-інтэрнату. Бо сям’я там, дзе пра цябе памятаюць і клапоцяцца.

 

Наста Ільіна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары