Ні водаправоду, ні калодзежа. Як мыюцца ў малых вёсках?


«Выйсця няма! Трэба ісці ў рэчку, вада халодная-халодная».

У рэчцы Віктар Сахоўскі мыецца ўвесь год, бо ў вёсцы, дзе ён жыве, няма лазні, а мыцца ў тазіку мужчыну нязручна. Правесці водаправод у хату – вельмі дорага, а працы ні ў роднай вёсцы Рыжаноў, ні ў суседніх вёсках папросту няма. Але гэтай зімою, паводле спадара Віктара, было лягчэй: рэчка не замерзла і памыцца было дзе.

«Вось мая лазня. Вёска Рыжаноў. Самі разумееце, вясна, вада – ого! А выйсця больш няма. Або хадзіць брудным, каб вошы заелі, ці мыцца», – кажа Віктар.

У Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці такая праблема ў шмат якіх вёсках: каналізацыя і водаправод ёсць не паўсюдна, а правесці ваду ў дом можна толькі праз свідравіну. Раней выратаваннем былі грамадскія лазні, але цяпер не засталося ніводнай. Гэты лазневы комплекс зачынены ўжо прыблізна тры гады, але раней ён быў папулярны: для вяскоўцаў гэта было адзінае месца, дзе яны маглі камфортна памыцца. Паводле Віктара Сахоўскага, шмат вяскоўцаў скардзяцца на такія ўмовы.

«Калі б хоць бы адзін чыноўнік так памыўся, можа што-небудзь ён бы зрабіў для народу. У іх кватэры добрыя, з усімі выгодамі. А што ў нас? У нас няма нічога!»

Жыхары вёсак Акцябрскага раёну, з якімі нам удалося паразмаўляць, сапраўды, наракаюць на адсутнасць лазняў ды распавядаюць пра розныя спосабы памыцца ў існых умовах:

«У душ хаджу да прыватнікаў. А так, у каго ёсць, домікі, у сваіх хатках. Лазні ўжо гады два, можа тры няма».

«Не ведаю, дзе яны тутака мыюцца. Нідзе. У такіх дамах ванныя ёсць, а ў такіх – няма нічога».

«Вады нагрэе і анучай мые мяне».

«Дома ваду грэю на газе і мыюся. Я адзін жыву. У тазіку, як мыцца?»

У КЖУП «Акцябрскае», на балансе якога застаюцца некаторыя закрытыя лазні, патлумачылі, што на тэрыторыі раёну працуе толькі гарадская лазня, і яна не вельмі папулярная. Алена Лукашэвіч з КЖУП «Акцябрскі» тлумачыць:

«Ну вы ведаеце, у нас лазневыя комплексы, вядома, нерэнтабельныя. Таму што вельмі мала людзей раней наведвалі гэтыя лазні, і яны датаваліся дзяржавай. У цяперашні час, хто маладзейшы, семʼі, натуральна, яны робяць рамонт у дамах, усталёўваюць свае душавыя кабінкі».

Але што рабіць тым, хто не мае працы і грошай на правядзенне водаправоду, а таксама пенсіянерам, якім ужо не па сілах зрабіць рамонт у сваіх хатах, – не тлумачаць.

Алена Дубовік, «Белсат»