Ні дня без затрыманняў ды арыштаў

Пераслед тых, хто нязгодны з палітыкай уладаў, працягваецца. Гэтак сёння затрымалі Анатоля Лябедзьку, якога на гэтым тыдні Святлана Ціханоўская прызначыла прадстаўніком па канстытуцыйнай рэформе. Не спыняецца і судовы пераслед. Прысуды сыплюцца вельмі шчодра – каму буйны штраф, каму арышт.

Частавала печывам – атрымала 810 рублёў штрафу. Студэнтку Анастасію Чарнавок суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«Я не крычала лозунгаў, я проста раздавала пячэнне. І мне здаецца, гэта ўжо занадта: калі ты проста гуляеш, раздаеш пячэнне, нават нягледзячы на тое, што там людзі ходзяць, пратэстоўцы, мне здаецца, занадта – даваць трыццаць базавых за гэта», – кажа студэнтка Віцебскай ветэрынарнай акадэміі Анастасія Чарнавок.

За ўдзел у масавых акцыях сёння судзілі таксама ў іншых гарадах. Гэтак, суд Ленінскага раёну Берасця пакараў краязнаўца Ігара Бараноўскага 15 соднямі арышту. А ў Менску суд Цэнтральнага раёну на 13 дзён зняволення асудзіў юрыстку «Экадому» Марыну Дубіну.У Заводскім судзе сталіцы меліся зноў судзіць Дзяніса Дудзінскага і Дзмітрыя Кахно, аднак працэсы перанеслі, паколькі экс-тэлевядоўцаў на паседжанні не было.

Не абышлося сёння і без затрыманняў. Былога старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі – а цяпер прадстаўніка Святланы Ціханоўскай у сферы канстытуцыйнай рэформы – Анатоля Лябедзьку затрымалі за адміністратыўнае правапарушэнне.

«Ягонае затрыманне паказала: ніякая канстытуцыйная рэформа пры Лукашэнку немагчымая. Не верце словам рэжыму. Не дасылайце яму ніякіх прапановаў, акрамя адной: Лукашэнка мусіць сысці», – заявіла Святлана Ціханоўская.

А на Менскім трактарным заводзе затрымалі фрэзероўшчыка Міраслава Сабчука. Раней ён удзельнічаў у стварэнні відэазвароту працаўнікоў МТЗ супраць гвалту і за новыя выбары.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, з пачатку выбараў у Беларусі супраць тых, хто дэманструе сваю нязгоду з уладамі, заведзена каля трохсот крымінальных справаў. Каля 14 тысячаў чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Аднак людзі перастаюць баяцца пераследу – кажа старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак:

«Людзі прыходзяць да таго, што мэта такая высокая – за яе можна плаціць такі кошт. Таму мы цяпер маем усё беспрэцэдэнтнае. На жаль, беспрэцэдэнтную сваволю ўладаў, але і беспрэцэдэнтную грамадзянскую актыўнасць».Каб расследаваць рэпрэсіі і спыніць пераслед – дадае эксперт – неабходная перадусім палітычная воля. Але пакуль гатоўнасці ўладаў да падобнага кроку няма.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Тэгі: