Незалежныя арганізацыі з усёй Беларусі не змаглі адсвяткаваць Дзень працы


Ні пікет за перанос «Омск-карбону» ў Александрыю, ні «Манстрацыя» ў Магілёве не адбыліся. Бо стадыён у спальным раёне, прызначаны ўладамі для масавых акцыяў, акурат у гэты дзень быў заняты – тут зладзілі футбольны турнір. Што праўда, поле на падрыхтаванае да гульняў не выглядала.

Магілёўскія актывісты адзначаюць, што апошнім часам ніводнай масавай акцыі гарадскія ўлады не дазволілі.

«Тут футбол – няхай тут футбол, дайце нам іншае месца. Няхай у гэты час занята – мы згодныя на іншы час. Але з намі ніхто не хоча размаўляць», – кажа магілёўскі чалец АГП Уладзімір Шанцаў.

Таму цяпер актывісты падалі заяўку на пікет з патрабаваннем зняць з пасады намесніцу старшыні гарвыканкаму Алу Галушку.

Рэпартаж Ірыны Дарафейчук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 1 траўня

Гарадзенскія актывісты АГП прапанавалі ўладам адзначыць Першамай разам і падалі заяўку на пікет у парку Жылібэра побач з дзяржаўнымі імпрэзамі.

«Мы не замахваліся на тое, каб толькі нам аддалі гэты парк. Мы толькі хацелі паўдзельнічаць, паразмаўляць з людзьмі, павіншаваць са святам. Але, як заўсёды, улады нам адмовілі, сказалі, што ў гэты дзень у гэтым месцы праводзіць улада мерапрыемства», – кажа гарадзенскі сябра партыі АГП Мікола Салянік.

Агульнагарадскую і, галоўнае, добраахвотніцкую дэманстрацыю прапанавалі ўладам і берасцейцы.

«Мы нават прапанавалі лозунг «Мы розныя, але мы разам», бо гэты год нас аб’ядноўвае як год, калі Берасце адзначае тысячагоддзе. І кожны берасцеец мае свае правы і мае права выказваць іх публічна на мірных акцыях на вуліцы», – распавядае Ігар Маслоўскі з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», удзельнік кампаніі «За свой горад» у Берасці.

Але і тут заяўнікі атрымалі адказ, што правядзенне агульнай акцыі немэтазгоднае, маўляў, ахвотныя могуць узяць удзел у забаўляльных імпрэзах у парку. Менавіта ў забаўляльную імпрэзу ператварылася свята салідарнасці працоўных.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»