Незалежных журналістаў змушаюць маўчаць


Чарговыя затрыманні незалежных журналістаў: падчас нядзельнага Маршу народнага абвінавачання ў Менску затрымалі траіх прадстаўнікоў СМІ. Цягам трох дзён іх мусяць судзіць, аднак сёння судовыя працэсы не адбыліся. За кратамі застаюцца журналісты, затрыманыя паводле адміністратыўных абвінавачанняў і крымінальных справаў. За чатыры месяцы вулічных пратэстаў правы незалежных журналістаў улады Беларусі парушылі каля пяцісот разоў.

Сёння ў менскіх судах чакалі працэсаў над незалежнымі журналістамі: Стасем Івашкевічам, Мікалаем Градзюшкам і Генадзем Верацінскім. Іх затрымалі падчас нядзельнага вулічнага пратэсту «Марш народнага абвінавачання». Суды не адбыліся, а калегі і праз содні ня ведаюць пра лёс затрыманых. Так, у Беларускай асацыяцыі журналістаў заклапочаныя лёсам свайго калегі – фатографа Генадзя Верацінскага.

«Увечары быў знойдзены ў спісах Кастрычніцкага РАУС. Там на тэлефанаванні не адказваюць. У спісах, адпраўленых у ізалятар на Акрэсціна, яго таксама няма. Таму мы не ведаем ні прычынаў затрымання, ні дзе ён зараз знаходзіцца, ні калі будзе суд – ягоны тэлефон таксама не адказвае», – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

За асвятленне Маршу мудрасці пятнаццаць содняў за кратамі адбывае наш калега, аператар Іван Куракевіч, а журналістка «Белсату» Любоў Лунёва з турмы на вуліцы Акрэсціна была дастаўленая ў шпіталь, дзе застаецца больш за тыдзень. Супраць пяцярых белсатаўцаў вядуцца крымінальныя справы.

«Напэўна, улады хочуць зрабіць зачыстку інфармацыйнай прасторы. Але цяпер гэта немагчыма. З дапамогай нашых гледачоў мы маем усю патрэбную інфармацыю – і за гэта ім вялікі дзякуй. А тое, што журналісты трапляюць за краты, – гэта ціск і пагрозы, каб журналісты не выконвалі свае прафесійныя абавязкі», – кажа прадстаўнік Белсату Ірына Слаўнікава.

Амаль месяц за кратамі ўтрымліваюцца журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова – за рэпартаж аб разгроме мемарыялу памяці Рамана Бандарэнкі. Таксама журналістка парталу «TUT.by» Кацярына Барысевіч – за расследаванне забойства Рамана Бандарэнкі. Супраць усіх трох распачалі крымінальныя справы, журналісткам пагражае да трох гадоў зняволення.

«Беларускія ўлады трактуюць журналістаў як удзельнікаў вулічных акцый і нават яшчэ больш жорстка з імі абыходзяцца. Калі б была магчымасць паразмаўляць з уладамі на ўсіх узроўнях, то мы даносілі б сваю просьбу, зварот і патрабаванне: вызваліць нашых калег! Бо журналісты – не ўдзельнікі пратэсту, яны выконваюць сваю працу», – заклікае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала каля пяцісот выпадкаў парушэння правоў незалежных журналістаў – перадусім гэта затрыманні, зняволенні і штрафы.

Галіна Абакунчык belsat.eu