Аб'ектыў 04.07.2019 Незалежнае расследаванне: беларускаму войску не хапае грошай


Снарады салюту, што трапляюць па гледачах, танкі, якія руйнуюць асфальт, салдаты і афіцэры, якія канчаюць жыццё самагубствам праз дзедаўшчыну. Гэткія інфармацыйныя нагоды дамінуюць апошнім часам у паведамленнях незалежнай прэсы пра айчыннае войска. Дзяржаўныя СМІ рапартуюць пра боегатовасць, патрыятызм і агнявую моц. А наколькі беларуская армія здольная выканаць асноўную задачу – абараніць краіну і людзей?

Самая недафінансаванае войска ў рэгіёне. Паводле Міжнароднага інстытуту даследавання праблемаў міру, Беларусь выдзяляе на абарону каля аднаго адсотку ад Валавога ўнутранага прадукту. Гэта – у разы меней, чым усе нашыя суседзі.

Сёлета пасля параду адзін з танкаў ледзь не паўтарыў знакамітае пазалеташняе сутыкненне баявой машыны са слупам. Некаторыя вайсковыя адмыслоўцы тлумачаць: адная з прычынаў нізкіх прафесійных якасцяў, прадэманстраваных у гэтых інцыдэнтах можа быць фінансавая. Гэтак, Эстонія, якая мае ў 10 разоў меншую армію (таксама, збольшага прызыўную), выдаткоўвае на сваё войска прыблізна столькі ж грошай, як і Беларусь, чые ўлады пастаянна выкарыстоўваюць вонкавую небяспеку ў сваёй рыторыцы.

«Усе сёння ваююць супраць усіх. І гэта адбываецца не проста вакол нас, а побач з нашымі межамі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў часе сваёй прамовы на парадзе 3 ліпеня ў Менску.

Недахоп сродкаў на рыхтаванне азначае, што нашыя салдаты маюць на парадак менш паліва для трэнавальных выездаў на баявой тэхніцы, менш куляў і снарадаў, якія можна патраціць на адточванне баявых навыкаў.

«Нашае Міністэрства абароны мяркуе, што гэтых сродкаў дастаткова для запэўнівання бяспекі ў нашых сённяшніх рэаліях. У тым ліку ў межах каардынацыі вайсковай абароны з РФ», – пракаментаваў гэта Белсату вайсковы аглядальнік Ягор Лебядок.

Да моцных бакоў беларускага войска адмыслоўцы адносяць укамплектаванасць мадэрнізаванаю вайсковай тэхнікай. На сёлетнім парадзе вайскоўцы прадэманстравалі як уласныя вырабы айчыннага ваенпраму, гэтак і вынік меркаваных супольных распрацовак з Кітаем.

«Прагрэс нейкі ідзе, але ў асноўным усё гэта заснаванае на савецкім спаткаемстве. Бронетэхніка развіваецца новая, ну і, вядома, развіваюцца сродкі радыёсувязі, радыёэлектроннай барацьбы, беспілотныя сродкі», – адзначае Лебядок.

Фармальная ўкамплектаванасць тэхнікаю дазволіла беларускаму войску ўвайсці ў дзясятку наймацнейшых арміяў Еўропы паводле рэйтынгу «Глобал Фаерпаўэр». А наколькі баяздольным лічаць сваё войска самі беларусы, мы спыталіся жыхароў Менску:

«Глядзіце, каб у наступ не пайшло нашае войска».

«Не ўсе праходзяць падрыхтоўку як след. Найлепшыя шэрагі, я думаю, змогуць: а астатнія – у прынцыпе няздольныя».

«Танкі – вось гэта ўсё: я думаю, што яны з Савецкага Саюзу яшчэ. А моцны бок, я думаю, характар, напэўна».

Аглядальнік Дзяніс Івашын адзначае, што слабым звяном у кампанентах баяздольнасці беларускага войска можа аказацца маральны чыннік. Прычына – брак патрыятычнага выхавання моладзі ды непаслядоўная падача каштоўнасці незалежнасці з боку афіцыйных асобаў і медыяў. У сувязі з гэтым, на ягоную думку, маладзёнам бракуе асэнсавання, што яны робяць у войску і ад чаго рыхтуюцца абараняцца.

«Сённяшняя беларуская армія працягвае традыцыі беларускай вайсковай акругі Савецкага Саюзу», – мяркуе Дзяніс Івашын.

Паводле расследавання «Інфармнапалму», у парадзе незалежнасці сёлета ўдзельнічалі расейскія артылерыйскія часткі, якія бралі ўдзел у бамбаванні ўкраінскага Марыупалю на баку сепаратыстаў. Да таго ж расейская тэхніка выглядае як дэманстрацыя сілы Крамля перад Менскам ды Захадам. Журналіст Дзяніс Івашын, які правёў гэтае расследаванне, лічыць, што такая дэманстрацыя можа падаваць неадназначны сігнал.

«Вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі дэманструе, што Беларусь не нейтральная краіна», – адзначае Івашын.

Пры адносна нізкім фінансаванні арміі, якая абараняе краіну ад вонкавых ворагаў, Беларусь мае прапарцыйна найвялікшыя ў свеце ўнутраныя сілы, накіраваныя на абарону ўлады ад пагрозаў з боку ўласных грамадзянаў.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары