Невядомы на вачах міліцыянтаў атруціў журналіста хімікатамі


Дайсці да свінакомплексу »Добрая хрюшка«, што блізу вёскі Зялёныя Лукі на Гомельшчыне, журналістам Кастусю Жукоўскаму ды Андрэю Толчыну гэтак і не ўдалося. На падыходзе да фермы іх сустрэлі міліцыянты, на вачах у якіх невядомы працаўнік свінакомплексу абліў хімікатамі фрылансэраў.

Імаверны працаўнік службы аховы абліў журналіста з ног да галавы

Хімічнае рэчыва трапіла і на твар, і ў вочы спадара Жукоўскага. Андрэю Толчыну пашанцавала больш – аэразоль яму распылілі толькі на ніжнюю палову цела, што была ў адзенні. Хуткую журналісты дачакаліся толькі праз паўгадзіны пасля здарэння. За гэты час Кастусю Жукоўскаму зрабілася цяжка дыхаць, кружылася галава і пякло ў вачах. Тым часам міліцыянты спрабавалі вывезці журналістаў у мясцовы РАУС, каб скласці пратаколы.

Медыкі канстатавалі ў Жукоўскага атручанне невядомымі хімічнымі рэчывамі. Цяпер ён у шпіталі.

«Я адчуваю сябе значна лягчэй. Лічу, што нармальна. Цяжка дыхаць, у горле пяршыць, вочы крыху рэжа, капельніцу пракапалі, лекі далі, ціск ужо нармалізаваўся, быў 160. З горлам нейкая праблема, але, думаю, гэта пройдзе. Думаю, заўтра выпішуць», – падзяліўся станам свайго здароўя Кастусь.

Чаго туды ўвогуле паехалі?

На свінаферму »Добрая хрюшка« здымачная група завітала па скаргах мясцовых жыхароў, якія сцвярджалі, што 7000 галоў тут былі зарэзаныя і закапаныя, імаверна, у сувязі з хваробаю ці атручаннем. Атрымаць хоць нейкую інфармацыю журналістам не ўдалося. Тэрыторыю за кіламетр да абʼекту супрацоўнікі назвалі «санітарнаю зонаю» і бліжэй наблізіцца не дазволілі.

Юлія Лабанава, «Белсат»