Неверагодная перамога хакейнага «Дынама» над піцерскім СКА


Хакей

Першая гульня чарговай выязной серыі КХЛ, і адразу першая перамога менскага «Дынама» не над кім-небудзь, а над лідарам рэгулярнага чэмпіянату. У Санкт-Пецярбурзе «зубры» на роўных супрацьстаялі мясцоваму СКА, а вікторыі дабіліся ў серыі булітаў.

Пасля невялікай паўзы ў календары лігі «бела-блакітным» адразу выпала адкрываць выязное турнэ сустрэчаю з такім моцным супернікам. У складзе «зуброў» дэбютаваў нядаўні форвард сталічнага «Юнацтва» Максім Парфеявец, які падпісаў з «Дынама» пробны кантракт. Асноўны час і оўвэртайм скончыўся ўнічыю 2:2, у нас закінутымі шайбамі вызначыліся Джэк Скіле і Дзмітрый Корабаў, а ў армейцаў дубль на свой рахунак запісаў Ілля Кавальчук. У серыі пасляматчавых пенальці пераможны кідок на рахунку ўсё таго ж Скіле, які перагуляў галкіпера СКА Міко Коскінэна. У турнірнай табліцы Захаду мы па-ранейшаму дзясятыя, наступны двубой правядзем заўтра ў Яраслаўлі супраць чацвёртай каманды нашай канферэнцыі «Лакаматыву».

Футбол

Кубак англійскай лігі па футболе не самы топавы турнір, што і прадэманстраваў галоўны трэнер «Манчэстэр Сіці» Жузэп Гуард’ёла ў ¼ фіналу супраць «Лэстэру». Коўч выпусціў на поле разам з Габрыелам Жэзусам адразу 10 рэзервістаў.


Тым часам клуб іспанскай Прымэры «Атлетыка» падае афіцыйны пратэст у адпаведны камітэт ФІФА на яшчэ адную каманду Пірэнэяў каталонскую «Барселону». Як паведамляе «Daily Mail», падставаю для незадаволенасці мадрыдскага клубу сталі перамовы «сіне-гранатавых» з нападнікам «матрацнікаў» Антуанам Грызманам наконт ягонага пераходу ў стан «Барсы».

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: hcdinamo.by