Тут сёння жанчыны сабраліся на традыцыйны суботні марш.
Сілавікі не дазволілі распачаць марш. Напачатку адразу прыехалі тры аўтазакі ды затрымалі людзей: жанчын і маладых дзяўчат.Такім чынам натоўп падзяліўся на некалькі калонаў. Але разыходзіцца жанчыны не пажадалі.
Наведніцы маршу:
«Я прыйшла за свабоду, за незалежнасць, нават супраць таго, што цяпер адбываецца, вы толькі паглядзіце».
«Я хацела б ува ўсёй моладзі папрасіць прабачэння за тое, што мы так доўга цярпелі. Напэўна, спалі, была такая спячка».
«У нас скралі нашы выбары, скралі нашыя галасы і цяпер улады трымаюць сілай уладу толькі за кошт гэтых хлопцаў, якіх сюды прыгналі».
Удзельніцы маршу таксама патрабавалі выпусціць на волю Марыю Калеснікаву. Адвакатка Людміла Казак паведаміла, што Марыю з Менску перавезлі ў следчы ізалятар у Жодзіне.
Наведніца маршу:
«Таксама за тое, быццам за той подзвіг, за Машу, якая зрабіла ўсім пэўны жэст цікавы».
Напярэдадні дзяржаўнае тэлебачанне выпусціла сюжэт, дзе абвінаваціла кампанію PandaDOC у фінансаванні жаночых маршаў. Паводле дзяржаўных журналістаў, грошы паступалі праз праваабарончы цэнтр «Яе правы». Заснавальніца цэнтру Аляксандра Дзікан назвала інфармацыю абразліваю хлуснёю. Але ёсць і тыя, хто ў гэта верыць.
Жыхар Менску:
– Я бачу, што гэта ўсё праплачанае.
– А чаму вы думаеце, што яны праплачаныя?
– Мне крыўдна за такое вот усё.
– А можаце мне ў вочы паглядзець, хочаце, я вам дакумент пакажу? Глядзіце, я праплачаная на ваш погляд?
За некалькі секунд да гэтага сілавікі выцягнулі з аўтамабіля мужчыну, які спыніўся, каб прапусціць жаночую калону. На некалькі хвілін жанчыны заблакавалі мікрааўтобус, куды яго запхнулі.
Традыцыйна ў жаночых маршаў няма ні плану, ні каардынатара. І нават самі ўдзельніцы не ведаюць маршруту. Жаночая акцыя салідарнасці адбылася таксама і ў Горадні. Каля пяцідзесяці ўдзельніц сабраліся ў цэнтры гораду. На відэа іх здымалі невядомыя ў цывільным.
Наста Кахановіч, «Белсат»