Неспадзяванка ад статыстыкі: Беларусь – вугальная дзяржава?


Няма ў нас ні каменнага вугалю, ні антрацыту. Але тое не перашкаджае Беларусі экспартаваць гэтыя выкапні. Як кажа афіцыйная статыстыка, летась экспарт каменнага вугалю склаў амаль 854 тысячы тонаў, а антрацыту – амаль 107 тысячаў тонаў – гэта дае каля 84 мільёнаў долараў. Амаль увесь экспарт ідзе ў Польшчу і Украіну.

Каментуе Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні:

«Калі гаварыць аб продажы каменнага вугалю Украіне, то вугаль, які здабываецца на акупаваных тэрыторыях, паступаў і праз Расейскую Федэрацыю, і праз Турцыю, і праз еўрапейскія краіны, таму Беларусь далёка не першая ў гэтым спісе».

Афіцыйна мы, Беларусь, у вялікіх колькасцях набываем вугаль у Расеі ды Казахстане. Але адмыслоўцы сцвярджаюць, што экспартаваны вугаль паходзіць з гэтак званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Пасля – трапляе ў Расею, а затым праз Беларусь вяртаецца ва Украіну пад выглядам выкапняў з Паўднёвай Афрыкі. Менавіта адтуль украінскія ўлады абяцалі закупляць вугаль наўзамен данбаскага ды пастаўляць яго праз Ратэрдам. Аднак украінскія медыі ніводнай пастаўкі з Нідэрландаў ва Украіну гэтак і не заўважылі.

«Беларусь у гэтай схеме выконвае ролю, хутчэй, пляцоўкі для вялікіх махлярскіх схемаў украінскіх алігархаў і бізнесоўцаў, звязаных з ДНР і ЛНР. Але тое, што яна тут прысутнічае, відаць, гэта выгадна для ўсіх бакоў», – распавядае Ігар Ільяш, журналіст «Белсату».

Мы ўжо не аднойчы распавядалі пра схемы гандлю з прарасейскімі квазідзяржавамі. Гэтак, пасля нашага расследавання пра пастаўкі беларускіх харчоў у ДНР і ЛНР украінскае Міністэрства замежных справаў нават накіравала афіцыйную ноту ў МЗС Беларусі ды прыгразіла санкцыямі прадпрыемствам, уцягнутым у гандаль з тэрарыстамі. Журналіст «Белсату» Ігар Ільяш:

«Відаць, у Менску ўпэўненыя, што яны нічым не рызыкуюць, што Украіна пагражае санкцыямі, але нічога сур’ёзнага не зробіць. А ў выпадку з антрацытам і вугалем, я думаю, што роля беларускай дзяржавы трохі меншая, чымся ў гандлі прадуктамі».

Гэтая схема пастаўкі вугалю магла быць распрацаваная пра пасярэдніцтве Дзмітрыя Аўтаномава – данецкага бінесоўца, які займаўся пастаўкамі беларускіх харчоў у ДНР і ЛНР, а летась, як сам кажа, наведваў Беларусь і сустракаўся з прадстаўнікамі ўладаў. Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні:

«У любым выпадку гэта схемы, якія ідуць на карысць адной з фінансава-прамысловых групаў. Адпаведна, яны ніякім чынам не ўплываюць на двухбаковыя адносіны паміж дзяржавамі на палітычным узроўні, бо ўкраінская палітыка, з аднаго боку, залежыць ад грамадскай думкі, з другога, – яна істотным чынам залежыць ад украінскіх алігархаў».

То бок тыя хітрыя схемы добра вядомыя ўладам як Беларусі, гэтак і Украіны, бо выкарыстоўваюцца не ўпершыню. Гэтак, неаднаразова паведамлялася, што Беларусь выступае пасярэднікам для Украіны ды Расеі ў двухбаковых пастаўках прадукцыі вайскова-прамысловага комплексу і машынабудавання, нафтапрадуктаў, харчовых вырабаў ды іншага.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu