«Нерэнтабельная вёска»: балон газу чакаюць цэлы тыдзень, а вада, як з унітазу


Вёска Рудня Марымонава. Усяго за 50 кіламетраў ад Гомля. Візіт «Белсату» звязаны з досыць шараговай праблемай: жыхары аднаго з дамоў паскардзіліся на дах, які працякае.

«Мы ўсе пакутуем ад гэтага даху: ён увесь час цячэ, усё працякае, пастаянна клеім і робім рамонт», – кажа Алена Калоша, мясцовая жыхарка.

Людзі неаднаразова звярталіся ў камунальныя службы, але ўвесь час чуюць абяцанні штосьці зрабіць.

«Як толькі звяртаемся, мне кажуць: «Ну, не ведаем». Аднойчы нават сказалі, што я нібыта мушу сама залезці на дах, нешта там даследаваць. Разумееце, я мушу даследаваць, ад чаго ён падцякае!», – скардзіцца Кацярына Міхалачкіна, мясцовая жыхарка.

Як выявілася, дзіравы дах – гэта толькі верхавіна айсберга. У размове з нашымі журналістамі вяскоўцы пачалі распавядаць пра іншыя, не менш істотныя праблемы. Галоўная з іх: брудная вада з крану. Рамонтныя службы спрабавалі яе вырашыць, але марна.

«Калі мяне доўга няма на працы, напрыклад, яна відаць застойваецца – рудая пакуль не сцячэ, але ж лічыльнік матаецца!», – кажа Вольга Філіпчык і паказвае слоік з вадой.

Ратуе мясцовых вада з калодзежу, якую можна разагрэць. Але і тут далёка не ўсё так проста. Паводле правілаў бяспекі, сям’я можа мець толькі адзін газавы балон. Яго аб’ёму не хапае на ўсе патрэбы.

«Калі ў сераду, напрыклад, скончыўся балон, я тэлефаную: прыміце замову на балон. А мне адказваюць: мы заказ прымем, але на наступны тыдзень. Цэлы тыдзень мы жывем без газу. Гэта не толькі мая праблема, ува ўсіх так», – дадае мясцовая жыхарка Алена Калоша.

Ні прыгатаваць ежу, ні памыцца. Як назло, у вёсцы зачынілі адзіную лазню.

«Ніхто не клапоціцца пра людзей. Яны палічылі, што нерэнтабельна. Маўляў, для нас, ЖКГ, гэта стратная лазня», – абураецца жыхарка вёскі Кацярына Міхалачкіна.

Паводле словах вяскоўцаў, адкласці ў доўгую шуфляду – адзіная рэакцыя камунальных службаў на агучаныя праблемы.

Аператыўна мясцовыя камунальнікі адрэагавалі толькі на прыезд здымачнай групы «Белсату». На шэраг нашых пытанняў мы пачулі толькі адзін адказ: «Акрэдытацыю пакажыце!»

Напісаць чарговы зварот да камунальнікаў ды чакаць – больш мясцовым нічога не застаецца. Жыццё ў вёсцы Рудня Марымонава працягваецца: улетку дах працякае не так моцна, як зімою, а памыцца можна і ў Дняпры. Добра, што да ракі ўсяго пяць кіламетраў.

Міхась Ільін, «Белсат»