Некалькі тысяч чалавек эвакуявалі з чатырох гандлёвых цэнтраў у Менску


Раніцаю – вакзал і чатыры менскія гатэлі. Пасля абеду – бізнес-цэнтр «Рубін Плаза» і гандлёвыя цэнтры «Галілео», «Сталіца», «Дана Мол», «Галерэя». У Менску адбылася масавая эвакуацыя людзей праз пагрозы мініравання. Ва ўсіх выпадках паведамленне аб мінаванні прыйшло па электроннай пошце.

Ува ўсіх выпадках інфармацыя аб мініраванні прыйшла на электронную пошту працаўнікоў адпаведных установаў. У гандлёвым цэнтры «Галілео» працуюць два візавыя цэнтры. Паводле відавочцаў, некалькі соцень чалавек прыйшлося эвакуяваць толькі адтуль. Працаўнікі ды наведнікі гандлёвага цэнтру больш за дзве гадзіны чакалі на вуліцы. Інфармацыя аб мініраванні ні ў водным выпадку не пацвердзілася.

«Праз пажарную трывогу абвестка пайшла, што пажар – просім усіх пакінуць будынак. І супрацоўнікаў, і наведнікаў. Усе сабраліся, пачалі выходзіць, хтосьці выходзіць не хацеў, але ў выніку выйшлі ўсе», – кажа наведнік Аляксандр.

«Спакойна, не страшна, не было панікі. Мы бачылі, што ўсе з крамаў выходзяць, зачыняюць, і мы спакойна выйшлі», – кажа працаўніца крамы Вера.

«Нястрашна, бо гэта не першы раз за сёння», – кажа Мікіта, працаўнік фуд-корту.

Побач з «Галілео» месціцца цэнтральны аўтавакзал. Тут эвакуацыя не адбывалася, але маршруткі і аўтобусы адсюль не адпраўляліся некалькі гадзінаў.

З пачатку года ўжо завялі 35 крымінальных справаў паводле артыкулу 340 аб загадзя непраўдзівых паведамленнях аб небяспецы. У шасці справах суд вынес абвінаваўчы вырак. Былы следчы Алег Волчак мяркуе, што сёлетнія выпадкі ілжэмініравання звязаныя паміж сабою:

«Гэта ўсё-такі прафесіяналы працуюць. І высокай якасці. Але дзяржава не мусіць паказваць, што яна не можа змагацца з такім відам злачынства. І яна мусіць рабіць усе захады».

Следчы камітэт адзначае, што ілжэмініраванне – не выключна беларуская праблема.

«Цяпер свайго роду тэндэнцыя, яна сустракаецца не толькі ў следчай практыцы Беларусі, але і ў следчай практыцы іншых краінаў. Выпадкаў ілжэмініравання сёлета значна болей, чым летась», – пракаментавала афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова.

«Магчыма, я дапускаю, што адпрацоўваюцца беларускія спецслужбоўцы: як праваахоўныя органы гатовыя да такой экстрэмальнай сітуацыі. Прапрацоўваецца. Другі варыянт – ІТ-краіна, можа, у нас з’явілася група чорных хакераў, хто проста ў задавальненне гэтым займаецца», – кажа былы следчы Алег Волчак.

Але гэткае задавальненне можа дорага каштаваць: паводле Крымінальнага кодэксу ілжэмінёры могуць пазбавіцца волі нават на 5 гадоў.

Наста Кахановіч, belsat.eu

Фота: Белсат