Неэфектыўны Еўразійскі эканамічны саюз. Чаму гандаль паміж саюзнікамі падае?


Шэсць соцень абмежаванняў ва ўзаемным гандлі паміж чальцамі Еўразійскага саюзу. З гэтага заснавальнікі, тады яшчэ, мытнага саюзу пачыналі пяць гадоў таму і, практычна, на гэтым жа ўзроўні застаюцца дагэтуль.

З гэткімі папрокамі Аляксандр Лукашэнка звяртаўся да сваіх калегаў з Расеі, Казахстану, Кыргызстану ды Арменіі на саміце ЕАЭС у Астане, які адбыўся раней сёлета. На сённяшняй сустрэчы ў Менску з губернатарам Іркуцкай вобласці кіраўнік Беларусі ўзмацніў крытыку Еўразійскай інтэграцыі.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Самі сябе крытыкуем, ну а цяпер ужо і за мяжой нас пачалі кастыляць – што гэта за Еўразійскі эканамічны саюз, калі падзенне таваразвароту?».

За першы год існавання Еўразійскага эканамічнага саюзу, узаемны таваразварот паміж яго чальцамі знізіўся на чвэрць, прычым гандаль Беларусі з саюзнікамі ўпаў больш за сярэдні паказнік. Сёлета – падзенне працягваецца.

Крытыку міжнародных адмыслоўцаў, пра якую згадваў Лукашэнка, выклікае рэакцыя чальцоў еўразійскай інтэграцыі на эканамічныя складанасці. Калі краіны Еўразвязу спрабуюць пераадольваць іх за кошт актывізацыі ўзаемнага гандлю, то чальцы ЕАЭС, наадварот, вядуць паміж сабой валютныя войны і закрываюць свае рынкі ад саюзнікаў пры дапамозе ліцэнзійных ды санітарных абмежаванняў. Напярэдадні, у інтэрвʼю газеце РБК, кіраўнік расейскага санітарнага ведамства Сяргей Данкверт абрынуў на Менск чарговую хвалю абвінавачанняў.

СЯРГЕЙ ДАНКВЕРТ:

«Толькі за апошні час мы адклікалі 40 дэкларацыяў на беларускую прадукцыю, бо яна не адпавядае паказнікам тлушчу ды бялку».

Адмыслоўцы тлумачаць – праблема ў тым, што Еўразійскі саюз ствараецца не на падставе агульнасці эканамічных інтарэсаў яго чальцоў, а ў ідэалагічных мэтах. Таму Расея выкарыстоўвае гандлёвыя рычагі для палітычнага ціску на саюзнікаў, а тыя, у сваю чаргу, спрабуюць атрымаць за гэта эканамічную кампенсацыю, у тым ліку – нелегальнымі метадамі.

На думку палітыка Андрэй Дзмітрыева, які, акурат цяпер знаходзіцца на Еўразійскім эканамічным кангрэсе ў Маскве, інтарэсам Беларусі ў Еўразійскім інтэграцыйным праекце шкодзяць два чыннікі. Па-першае, гэта – інертнасць айчынных урадоўцаў пры адстойванні нацыянальных інтарэсаў. А таксама – тое, што Аляксандр Лукашэнка, узамен на кароткатэрміновую дапамогу ад Масквы, часта падпісвае пагадненні, якія пагаршаюць пазіцыі нашай краіны ў доўгатэрміновай перспектыве.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: president.gov.by