Аб'ектыў 21.03.2017 Недармаеды набудуць пратэз пацярпеламу ад рук міліцыі


Інвалідам Мікалая Крычко зрабіў пʼяны міліцыянт. А «сацыяльна арыентаваная» дзяржава выдзеліла пенсіянеру пратэз, якім карыстацца немагчыма. І не дала дастатковай пенсіі для набыцця лекаў ці новага пратэзу. Герой пінскай акцыі «недармаедаў» ад учора мае рахунак, куды можна пералічыць грошы.

Мікалай Крычко з Пінску ходзіць на мыліцах амаль 15 гадоў.

Увесь час пенсіянер спрабуе сабраць грошы на пратэз. Але пакуль незалежныя медыі не заўважылі яго на Маршы недармаедаў 11-га сакавіка ў Пінску, пра ягоную праблему мала хто ведаў.

«Я нават не думаў, што буду выступаць. Мяне запыталі пра дэкрэт трэці ці шосты, які ён там. Я кажу што я пенсію атрымаў, дэкрэты мяне не цікавяць увогуле. Але маленькая пенсія, я не магу на пратэз сабраць грошай», – распавядае спадар Крычко.

Сацыяльная дзяржава? «Гарантий нет»!

Нагу Мікалай Крычко страціў ужо на пенсіі, у 2003-ім, калі на рыбалцы на яго напаў п’яны палкоўнік міліцыі. Пінчук адмовіўся везці яго сваёй машынаю.

«Зараджае 2 патроны і кажа: пайду пастраляю колы, ты нікуды не паедзеш. Я думаю – стану ля машыны, не будзе ж ён страляць па чалавеку. Іду ўнізе, а ён з горкі страляе і перабівае нагу мне», – дзеліцца перажытым пенсіянер.

Нагу адразу давялося ампутаваць

Мікалай Крычко атрымаў другую групу інваліднасці і з таго часу ходзіць на мыліцах, бо пратэзы, што бясплатна даюць у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, вельмі нязручныя.

Важыць такая прылада больш за 10 кілаграмаў і прыстасаваная да нагі вельмі кепска. Таму Мікалай амаль адразу пачаў збіраць грошы на імпартны пратэз – зручнейшы і ўтрая лягчэйшы. Але кошты на яго раслі значна хутчэй, чымся магчымасці пенсіянера.

Дапамог праваабаронца

Пасля трансляцыі ў інтэрнэце акцыяў пратэсту газета «Беларусь сегодня» прысвяціла спадару Мікалаю артыкул, у якім, зрэшты, выказала сумнеў у праўдзівасці ягонай гісторыі. Што праўда, знайсці пенсіянера журналісты нібыта не здолелі. Затое знайшоў яго гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка і дапамог стварыць адмысловы рахунак для збору грошай на пратэз.

Рэквізіты: ААТ «АСБ Беларусбанк», аддзяленне № 121/134 у г. Пінску

р/р 000092 (дабрачынны рахунак)

Атрымальнік: Крычко Мікалай Трафімавіч

Першыя сродкі ўжо пачалі паступаць на рахунак. Паводле папярэдніх падлікаў, пратэз можа каштаваць Br 2000-2500. Дакладную суму Мікалай Крычко даведаецца ў навукова-даследчым інстытуце транспланталогіі, дзе ён ужо замаўляе новы пратэз.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: Радыё Свабода

Глядзі таксама
Каментары