Нечаканы паварот у шматгадовай бітве за школу


Прадаецца школа. Такое рашэнне прынялі чыноўнікі, але жыхары Каплічаў, што на Гомельшчыне, супраць. Ім даводзіцца вазіць дзетак на заняткі за 30 кіламетраў ад дому. Капліцкая школа – у аварыйным стане, але гэткі будынак вырашылі прадаць. Няўжо ўжо ёсць і купец?

Замест рамонту пастанавілі прадаць. Ужо больш як 3 гады змагаюцца за рамонт школы жыхары Каплічаў, што ў Калінкавіцкім раёне. За гэты час памянялася частка мясцовых чыноўнікаў, але рашэнне нязменнае: школы не адрамантуюць.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Прыйшоў такі адказ ад начальніка аддзелу адукацыі, спорту і турызму Губар Іны Віктараўны: прынятае рашэнне пра ўключэнне аб’ектаў нерухомай маёмасці ў каляндарны графік Калінкавіцкага раёну па ўцягванні ў гаспадарчы абарот аб’ектаў нерухомай маёмасці на 2020 год, са спосабам уцягвання – продаж», – цытуе чарговы адказ дэпутатка Капліцкага сельсавету Роза Стрэльчанка.

Прасцей кажучы, будынак, які ўвесь гэты час стаяў без дагляду і ацяплення, сёлета маюць прадаць.

«Ужо ў нас па Калінкавіцкім раёне ёсць такія выпадкі. Дапусцім, школу ў Насавічах прадалі пад лесапілку, школу ў Савічах. То бок школы з еўрарамонтам сёння прадаюцца за капейкі. Ад пачатку казалі пра тое, што на нашу школу паклаў нейкі чыноўнік вока, каб зрабіць таксама лесапілку», – кажа Роза Стрэльчанка.

Жыхары Каплічаў напісалі ўжо стос калектыўных заяваў у розныя інстанцыі ды нават збіралі грошы, каб уласнымі сіламі адрамантаваць будынак, прызнаны ўладамі аварыйным.

«Я супраць таго, каб яе прадавалі».

«Мы б гэтага не хацелі, але што мы можам зрабіць?»

«Вёска сама па сабе вялікая, то школа патрэбная», – жыхары Каплічаў адзінадушныя.

Аб’ектыў
Як чыноўнікі $ 80 000 праматалі
2018.08.20 20:51

Спробы адстаяць школу разбіваюцца аб поўную абыякавасць ды адпіскі чыноўнікаў. А Роза Стрэльчанка, якая ўзначальвае змаганне, атрымлівае пагрозы. Ні міліцыя, ні пракуратура некалькі гадоў не могуць злавіць невядомых асобаў, якія пагражаюць дэпутатцы Капліцкага сельсавету.

«На ўсе пагрозы я напісала 12 заяваў, і прыходзіць адказ, што асобу, якая пагражае вашаму здароўю, няма магчымасці ўстанавіць», – адзначае Роза Стрэльчанка.

Дэпутатка падкрэслівае, што пагрозы прыходзіць адначасова з адказамі на чарговыя лісты да чыноўнікаў.

«Мы маем справу не проста з грамадзянінам, Роза Стрэльчанка зʼяўляецца дэпутатам, а гэта ўжо іншы артыкул, гэта не проста пагроза, а пагроза ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю, гэта артыкул крымінальны, і органы павінны паставіцца да гэтага адпаведна», – тлумачыць сітуацыю праваабаронца Алесь Яўсеенка.

У жыхароў Каплічаў – свая думка, чаму зламыснікаў не могуць знайсці:

«Усё разумеем, хто гэта можа быць, усе разумеем, а даказаць нічога не можам, бо хтосьці сам сябе ніколі не знойдзе».

Апошняя пагроза фізічнай расправы на тэлефон Розе Стрэльчанцы прыйшла ў студзені, акурат пасля адказу з выканкаму пра намер прадаць будынак школы.

Ірына Дарафейчук belsat.eu