Нечаканая магчымасць для беларускай нафтаперапрацоўкі. Расея перастане пастаўляць нафту Украіне


Украіна – найважнейшы кірунак экспарту нафтапрадуктаў з Беларусі. Як сведчыць статыстыка, беларускае паліва займае ў паўднёвых суседзяў каля 30 адсоткаў рынку. Перадусім гаворка пра бензін. Расея ж ахоплівае каля паловы ўкраінскага рынку дызельнага паліва. Сёння стала вядома, што неўзабаве Расея перастане пастаўляць Украіне нафту і нафтапрадукты. Ці скарыстаецца гэтым Беларусь?

Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні:

«Беларусь можа гэта кампенсаваць. Пытанне – наколькі на фоне ўжо размеркаванай квоты паставак нафты, размеркаванай колькасці нафтапрадуктаў, якія купляюцца іншымі спажыўцамі, Рэспубліка Беларусь можа знайсці адпаведныя рэзервы. З іншага боку, нельга выключаць аднаўлення і павелічэння паставак расейскай нафты».

Расейскі падатковы манеўр толькі сёлета пагражае пазбавіць беларускі бюджэт больш як трохсот мільёнаў долараў. На гэтым фоне крок расейскіх уладаў выглядае як свайго роду кампенсацыя для Беларусі, кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч:

«Гаворка ідзе пра сотні мільёнаў долараў. Таму што, па-першае, Украіна – гэта рынак з прэміяй, там паліва каштуе даражэй, чым на іншых рынках, куды сваё паліва пастаўляе Беларусь. І, па-другое, гэта нашмат меншае транспартнае плячо, можна зэканоміць шмат грошай».

Эксперты адзначаюць: варта звярнуць увагу, што сёлета Аляксандр Лукашэнка двойчы сустракаўся з прарасейскім украінскім палітыкам Віктарам Медведчуком, якога называюць кумам Уладзіміра Пуціна. Апошняя сустрэча адбылася два тыдні таму.

«Гэта ўкраінскі палітык прарасейскага толку, які цалкам манапалізаваў пастаўкі нафтапрадуктаў наўпрост з Расейскай Федэрацыі ва Украіну. І беларускія кантрабандныя схемы – гэта былі схемы абыходу манапалізму Медведчука ўкраінскімі трэйдарамі. Адпаведна, калі Лукашэнка і Медвядчук двойчы сустракаліся, то абмяркоўвалася ў тым ліку магчымасць, каб Медвядчук пачаў працаваць праз Беларусь з дадатковай маржой па кошце», – тлумачыць Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні.

Паводле адмыслоўцаў, такое развіццё падзеяў натуральна падштурхоўвае Беларусь і Украіну да паглыблення не толькі эканамічнай, але і палітычнай супрацы. У той жа час эксперты не выключаюць росту кантрабандных паставак расейскіх энерганосьбітаў ва Украіну праз Беларусь паводле ўжо дзейных схемаў – пад відам разбаўляльнікаў ды біяпаліва.

Такім чынам, расейская забарона экспартаваць нафту і нафтапрадукты ва Украіну можа адкрыць нечаканыя магчымасці як для беларускай нафтаперапрацоўкі, гэтак і для палітычнага кіраўніцтва абедзвюх краінаў. Цяпер самае галоўнае пытанне – наколькі і якім чынам яны будуць выкарыстаныя.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum