Нечаканае вызваленне: чаму апраўдалі Андрэя Бандарэнку?


Не вінаваты! Апраўдаць!

Суд не пабачыў складу злачынства ў дзеяннях падсуднага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі.

«Толькі дзякуючы падтрымцы грамадскасці мы змаглі дабіцца. Дзякуй усім!», – радасна сказаў вызвалены праваабаронца.

Не хаваюць эмоцыяў сваякі, сябры і калегі Андрэя Бандарэнкі

«Вельмі задаволены! Я ўражаны, я не думаў, што так можа быць! Я ўдзячны гэтаму суду за справядлівае разбіральніцтва. Яно сапраўды справядлівае», – зазначыў Валерый Бандарэнка, бацька Андрэя.

Надзьмутыя аргументы з боку пракуратуры

Пракурор за тры дысцыплінарныя спагнанні, а менавіта за чытанне кніжкі на ложку, размову з асуджанай і нясвоечасовы даклад турэмным працаўнікам аб склейванні капэртаў прасіў суд пакараць Бандарэнку дадатковым годам зняволення. І гэта пры тым, што праваабаронца ўжо панёс у турме пакаранні за гэтыя парушэнні.

Вядзенне суда, калі не прымаліся пад увагу ані доказы, ані аргументы адваката ды падсуднага, шмат каму давалі нагоду меркаваць, што вырак будзе іншы. Тым больш, як цвердзіць статыстыка, апраўдальных прысудаў у нашай краіне выносіцца – менш за адзін адсотак.

Вызвалілі, каб не раздражняць Захад

Відавочна, што ў іншых, сталічных кабінетах палічылі, што зʼяўленне палітвязня істотна нашкодзіць дыялогу афіцыйнага Менску з Захадам. А менавіта статус палітычнага зняволенага ў выпадку адваротнага рашэння суда абяцалі надаць Бандарэнку праваабаронцы з цэнтру «Вясна».

Да гэтага турэмнага зняволення Андрэй Бандарэнка займаўся абаронаю правоў асуджаных, маніторынгам месцаў зняволення ды інфармаваннем насельніцтва пра свавольства праваахоўнікаў.

Праваабаронцы перакананыя, што пераслед Бандарэнкі – гэта помста сілавікоў за ягоную дзейнасць. Сённяшні ж апраўдальны прысуд – пазітыўны сігнал Захаду пра сітуацыю ў Беларусі. Але хэпі-эндам лічыць справу Бандарэнкі яшчэ рана: цягам месяца рашэнне суда можа быць абскарджанае.

Вольга Старасціна, «Белсат»