Нечакана ў сярэдзіне зімы ўдарылі маразы


Дачакаліся! Прыйшла зіма з сапраўднымі маразамі! Жыхароў Беларусі сцюжа не напалохала, а ўсцешыла.

«Цудоўна! Цудоўна дыхаецца, паветра свежае! Вельмі добра!»

«Цудоўна! Няма кепскага надвор‘я, ёсць кепская вопратка».

«Камфортна! Бачыце, я без шапкі хаджу – усё добра!»

«Зіма мусіць быць зімою! Цудоўна!»

«Весела, прыемна пакатацца з горкі, нягледзячы на ўзрост».

«Мы так ссумаваліся па маразах, па снегу, па сонейку, па добрым настроі, што 30-градусны мароз нам не страшны! Мы ўсе цёпла апранутыя, мы да гэтага гатовыя», – кажуць жыхары Магілёва.

Берасцеец Валянцін Лазарэнкаў мінусавых тэмператураў чакае цэлы год. Кажа, чым халадней, тым прыямней купацца. Ужо больш за дзесяць гадоў мужчына купаецца ў халоднай вадзе і… шкадуе, што не пачаў рабіць гэтага раней. Загартоўваючыся такім чынам, Валянцін не толькі перастаў прастуджвацца, чапляць ангіну і грып, але і вылекаваў хранічную хваробу: запаленне і зашчамленне сядальнага нерва:

«У мяне быў ішыяс, і ён у нас па ўсіх медычных паказніках не лечыцца. За выключэннем Сібіры – там на мурашнік трэба садзіцца, але ж тут мурашнікаў няшмат, ды і жывёліну шкада. А другая рэкамендацыя была – пакупацца некалькі разоў у палонцы, што я і зрабіў».

А пасля пачаў рабіць гэта дзеля… задавальнення. Маўляў, такой асалоды нішто іншае ў жыцці не дае!

«Гэта асалода, іншым спосабам ну ніяк – ні словамі не перадаць, ні думкамі. Трэба схадзіць і выйсці, і тады ўсё будзе зразумела», – кажа Валянцін Лазарэнкаў

Медыкі згодныя, што загартоўванне добра ўплывае на наш арганізм, але каб на Вадохрышча скочыць у палонку з карысцю для здароўя, варта пачынаць рыхтавацца… улетку.

«Паступова пераходзіць з аднаго стану цяпла ў холад, ніколі не рабіць гэтага рэзка, паколькі наш арганізм своеасабліва рэагуе на такія сітуацыі. Часам гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў. Таму загартоўванне заўсёды павіннае быць пад наглядам кагосьці іншага, аднаму не варта. І паступова!», – рэкамендуе лекар Расціслаў Савіцкі.

На выходныя сіноптыкі прагназуюць маразы да мінус 20-ці, а ўначы месцамі тэрмометры пакажуць нават мінус 30.

«Пажадана ўцяпляцца, надзяваць пальчаткі, глядзець, каб ногі заўсёды былі ў цяпле, і зменшыць спажыванне алкаголю, бо ў зімовы час самая частая прычына абмарожванняў – гэта стан алкагольнага ап’янення. І з гэтым жартаваць не варта», – перасцерагае лекар-рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

З напояў медыкі раяць цёплую гарбату. А самае галоўнае – на марозе рухацца!

Вольга Старасціна, «Белсат».